Цалко: негатыўных наступстваў ад вулканічнага воблака не будзе

17.04.2010 18:07
Архив Редакция

Міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Ўладзімір Цалко 17 красавіка заявіў, што ў Беларусі не чакаецца негатыўных наступстваў ад праходжання над яе тэрыторыяй воблака вулканічнага пылу. кіраўнік мінпрыроды пацвердзіў, што над Беларуссю праходзіць воблака попелу, якое ўтварылася ў выніку вывяржэння вулкана ў Ісландыі.

«Над тэрыторыяй нашай краіны з’явіліся два своеасаблівыя крылы: адно — у кірунку Кіева, іншае — у бок Масквы. Воблака праходзіць на вышыні васьмі і больш кіламетраў над зямлёй», — цытуе БелТА словы Ўладзіміра Цалко.

Міністр таксама нагадаў, што да 16:00 17 красавіка ў Беларусі спыненыя авіяпералёты, за выключэннем пералётаў на нізкіх вышынях, у прыватнасці ў Маскву і па краінах СНД. «Па меры праходжання воблака з вулканічным попелам авіязносіны будуць адноўленыя», — запэўніў кіраўнік міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя.

«Белавія» нясе страты праз распаўсюд вулканічнага воблака

Нацыянальная авіякампанія «Белавія» нясе сур’ёзныя страты праз адмены рэйсаў ва ўмовах распаўсюду вулканічнага пылу, паведаміў гендырэктар авіякампаніі Анатоль Гусараў.

«У сітуацыі, якая склалася, «Белавія» адмяніла практычна ўсе авіярэйсы. Мы выконваем палёты пакуль толькі ў Маскву, усе астатнія самалёты змушаныя заставацца на зямлі», — распавёў Анатоль Гусараў, дадаўшы, што пакуль цяжка казаць пра тое, калі авіякампанія зможа аднавіць палёты.

Па словах гендырэктара «Белавія», страты ад адмены рэйсаў дакладна не падлічаныя. «Яны сур’ёзныя, бо самалёты прастойваюць, грошы вяртаюцца пасажырам, мы таксама нясём пэўныя выдаткі проста па абслугоўванні пасажыраў, звязаныя з арганізацыяй іх харчавання, — адзначыў Анатоль Гусараў. — Вельмі спадзяемся, што гэтыя страты будуць не такімі сур’ёзнымі, каб «Белавія» магла збанкрутавацца. Галоўнае для нас — гэта не грошы, а бяспека палётаў».

Как вам новость?
Головоломки