Царква просіць забараніць таблеткі, якія перарываюць цяжарнасць

11.10.2010 12:04
Архив Редакция

У міністэрства аховы здароўя Беларусі паступіў на разгляд дакумент аб дазволе на продаж у краіне французскіх таблетак, што перарываюць цяжарнасць да шасці тыдняў. Праваслаўныя святары Беларусі выступілі супраць дазволу ўвозу ў Беларусь гэтага прэпарату.

Кіраўнік інфармацыйнага аддзелу прыходу «Усіх тужлівых радасць» Мацвей Родаў паведаміў, што святары асцерагаюцца, што такі метад перапынення цяжарнасці могуць прапанаваць дзяўчынкам-падлеткам, якія занадта лёгка паставяцца да гэтай працэдуры, перадае «Комсомольская правда в Белоруссии».

«Бо дастаткова выпіць таблетку, і нават не задумацца аб захаванні цяжарнасці. Жанчына, якая скарыстаецца такім спосабам перапынення жыцця плода, убачыць само мёртвае дзіця, з ручкамі і ножкамі. Гэта можа стаць для яе вялікі трагедыяй і шокам», — растлумачыў Мацвей Родаў.

У дадзеным пытанні з меркаваннем святароў салідарная кандыдатка медыцынскіх навук, практыкуючы акушэр-гінеколаг Алена Нікіціна. «Многім жанчынам цяжарнасць да шасці тыдняў здаецца вельмі маленькім тэрмінам. Але святары тут маюць рацыю, і, перарываючы цяжарнасць на тэрміне шэсць тыдняў, жанчына тым самым забівае ўжо складзены эмбрыён дзіцяці, у якога сапраўды ўжо ёсць усе органы, ручкі і ножкі ў тым ліку. Лекары бясконца паўтараюць: лепш своечасова карыстацца кантрацэптывамі для засцярогі ад непажаданай цяжарнасці, чым потым перарываць яе», — распавяла спецыялістка.

Разам з тым, па словах эксперта, такі спосаб перапынення цяжарнасці ніколькі не бяспечнейшы за спарон (аборт). «Гэта той жа спарон, проста без хірургічнага ўмяшання, што, безумоўна, з’яўляецца плюсам. Але і гэты спосаб перапынення цяжарнасці не бяспечны — магчымыя ўскладненні: можа пачацца крывацёк, плод не да канца можа выйсці, і тады спатрэбіцца дадатковае аператыўнае ўмяшанне», — растлумачыла Алена Нікіціна.

Таблеткі для перарывання цяжарнасць будуць каштаваць не менш за спарон

Разам з тым, калі міністэрства і дазволіць продаж дадзенага французскага прэпарату, каштаваць ён будзе, відавочна, нятанна. Так, у Расіі гэтыя таблеткі каштуюць у эквіваленце каля 700 тыс. беларускіх рублёў. Прыкладна столькі ж каштуе спарон ці вакуум у прыватным медыцынскім цэнтры Мінску.

У Расіі і на Захадзе медыкаментознае перапыненне цяжарнасці выкарыстоўваецца ўжо досыць даўно. Тым не менш, у аптэках таблеткі, што перарываюць цяжарнасць, не купіш — гэтыя прэпараты прадаюць выключна медыцынскім установам, якія маюць ліцэнзію на штучнае спыненне цяжарнасцi. Падчас прыёму прэпарату пацыентка абавязана знаходзіцца пад назіраннем у клініцы да 4 гадзін. Акрамя таго, гэты спосаб не рэкамендуецца жанчынам старэйшым за 35 гадоў, з нырачнай недастатковасцю, пры кармленні грудзьмі, а таксама актыўным курцам.

Характэрна, што ў Беларусі гэты год з’яўляецца завяршальным у рэалізацыі Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі краіны. Міністэрства аховы здароўя каардынуе выкананне дадзенай праграмы, накіраванай, у тым ліку, на паляпшэнне рэпрадуктыўнага здароўя насельніцтва, стымуляванне нараджальнасці і ўмацаванне сям’і, ахову здароўя маці і дзіцяці.

Как вам новость?
Головоломки