Carlsberg павялічыла сваю долю ў «Аліварыі» да 47%

12.07.2010 09:33
Архив Редакция

Пятага ліпеня дацкая піваварная кампанія Carlsberg павялічыла сваю долю акцыяў беларускага вытворцы піва ААТ «Аліварыя» з 30 да 47%. Аднак, «пакуль у кампаніі няма планаў па куплі кантрольнага пакету акцыяў (51%)», заявіла дырэктарка па камунікацыях Carlsberg Group ва Усходняй Еўропе Таццяна Антончык.

Па дадзеных Беларускай валютна-фондавай біржы, пятага ліпеня была прададзена 9551 акцыя ААТ «Аліварыя» па кошце 6 994,79 расійскага рубля за акцыю і 3 500 акцыяў па кошце 913,34 даляра за акцыю пры намінальным кошце акцыі 376590 рублёў. Агульная сума ўгоды склала 66.807.239 расійскіх рублёў і 3.196.690 даляраў — усяго каля 5,5 млн. даляраў. З улікам раней набытых акцыяў Carlsberg цяпер валодае 49762 акцыямі, паведамляе БелаПАН.

Раней абмяркоўвалася магчымасць пашырэння магутнасцяў «Аліварыі» і будаўніцтва новай вытворчай пляцоўкі. Але Тацяна Антончык адзначыла, што «канкрэтных планаў па пашырэнні магутнасцяў мінскай пляцоўкі ў нас няма». «Для кампаніі цяперашнія магутнасці дастатковыя», — заявіла яна.