Чацвёра пацярпелых на пажары ў Мінску знаходзяцца ў рэанімацыі

11.05.2010 14:50
Архив Редакция

Чацвёра супрацоўнікаў МНС, што пацярпелі пры тушэнні пажару на Заводзе вылічальнай тэхнікі ў Мінску, знаходзяцца ў рэанімацыйным аддзяленні Лякарні хуткай медыцынскай дапамогі. Іх стан дактары расцэньваюць як сярэдняй ступені цяжкасці.

Як паведаміў галоўны ўрач лякарні Віктар Сірэнка, усе пацярпелыя атрымалі траўмы, характэрныя для ўдзельнікаў ліквідацыі пажараў: пераломы рэбраў, канцавінаў, апёкі і тэрмаінгаляцыйныя пашкоджанні, перадае БелТА. Адказваючы на пытанне аб медыцынскім прагнозе стану выратавальнікаў, Віктар Сірэнка сказаў: «Падчас лячэння і развіцця атрыманых траўмаў іх стан можа як паляпшацца, так і пагаршацца».
Па інфармацыі Мінскай гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі, усяго пры тушэнні пажару пацярпела восем супрацоўнікаў МНС. З іх чацвёра загінулі на месцы: трое памерла да прыбыцця лекараў хуткай дапамогі, аднаго выратавальніка дактары паспрабавалі рэанімаваць, але беспаспяхова.
Як раней паведамляў Тэлеграф, інфармацыя пра пажар на Заводзе вылічальнай тэхнікі па вуліцы Прытыцкага, 62 паступіла ў 09:05. У 09:50 падчас ліквідацыі пажару на складзе адбылося абвальванне даху, у выніку чаго пад заваламі апынулася сямёра супрацоўнікаў МНС.
Па факце пажару на мінскім заводзе ўзбудзяць крымінальную справу
Крымінальная справа будзе ўзбуджана па факце пажару ў Мінску. Пра гэта паведаміў журналістам на месцы здарэння начальнік РУУС Фрунзенскага раёну сталіцы Алег Гайдукевіч. «У наш час непасрэдна міліцыя займаецца аглядам месца здарэння, працуюць эксперты», — адзначыў прадстаўнік праваахоўных органаў.
Па яго словах, 11 траўня будзе ўзбуджана крымінальная справа, падчас расследавання якой будуць устаноўлены вінаватыя ў здарэнні, калі такія ёсць. «Гаворка ідзе пра парушэнне правілаў пажарнай бяспекі, ёсць пытанні і да службовых асобаў, якія непасрэдна за гэта адказваюць. Рабіць якія-небудзь высновы пакуль рана, адназначна адно: крымінальная справа будзе ўзбуджана і будзе праводзіцца расследаванне», — падкрэсліў Алег Гайдукевіч.
Першапачатковы агляд месца пажару пакуль яшчэ не скончаны. «Па яго заканчэнні будзе праведзена комплексная экспертыза, без вынікаў якой канкрэтная выснова пра ачаг пажару, яго распаўсюджанне мы зрабіць не можам», — дадаў начальнік РУУС Фрунзенскага раёна сталіцы.

Как вам новость?
Головоломки