Чалы: агенцтва прыватызацыі — пагроза дзяржсістэме рашэнняў

09.04.2010 10:47
Архив Редакция

Эканаміст Сяргей Чалы пракаментаваў заяву беларускіх улад да МВФ пра тое, што ўлады выканаюць сваё абяцанне і да чэрвеня гэтага года створаць і зарэгіструюць Нацыянальнае агенцтва інвестыцый і прыватызацыі. "Тое, што ўлады ўсё зацягваюць са стварэннем агенцтва, кажа пра тое, што яно нясе своеасаблівую пагрозу дзяржаўнай сістэме рашэнняў", — лічыць эксперт.

«Агенцтва прыватызацыі павінна займацца арганізацыяй продажу прадпрыемстваў на адкрытых конкурсах з удзелам замежных інвестараў. Гэта пагроза ўсёй сістэме прыняцця рашэнняў, пры якой усё робіцца кулуарна, у выніку асабістых перамоў і індывідуальных дамоў з інвестарамі. Мы, напрыклад, не ведаем, чаму ў цэнтры Мінска без конкурсу ў тры разу танней за кадастравы кошт прадаецца зямля Аману», — сказаў Сяргей Чалы.

Эксперт мяркуе, што ў цяперашнім годзе пры ўдзеле створанага агенцтва прыватызацыі будуць прададзены пяць ААТ з раней зацверджанага прэзідэнтам Беларусі пераліку, хоць выставіць іх акцыі на продаж абяцалі яшчэ ў лютым, перадае «Заўтра тваёй краіны».

«Але зноў жа, фармальна прадпрыемствы будуць прыватызаваныя, але, у сутнасці гэта можа выглядаць як здзек з патрабаванняў МВФ. Бо МВФ абяцалі правесці пілотную прыватызацыю пяці буйных прадпрыемстваў, прадаўшы кантрольныя пакеты замежным інвестарам на адкрытых празрыстых конкурсах», — адзначыў Сяргей Чалы.

Па словах эканаміста, у выніку абралі «ў лепшым выпадку сярэднія, калі нават не дробныя прадпрыемствы». «Ды і гаворкі пра продаж кантрольных пакетаў не ідзе. Да таго ж, продаж будзе ажыццяўляцца не праз конкурс, а па той жа індывідуальнай схеме, дзе з кожным інвестарам размаўляюць асобна, складаюць з ім дамову», — рэзюмаваў Сяргей Чалы.

Как вам новость?
Головоломки