Чалы: Беларусь змагла выгандляваць сабе лепшыя ўмовы

06.07.2010 10:32
Архив Редакция

Эканаміст Сяргей Чалы заявіў, што адкладанне ратыфікацыі Мытнага кодэксу Мытнага саюза, а затым яго "таемнае" прыняцце дапамагло Беларусі выгандляваць для сябе лепшыя ўмовы. Па словах эксперта, беларускія ўлады паступілі правільна, прымусіўшы Расію пайсці на саступкі.

«Тое, што прапанавала Расія, — гэта сама па сабе была абсурдная рэч. Таму што адзіная палітыка адносна трэціх краінаў выпрацоўваецца пазней, чым здымаюцца абмежаванні ва ўзаемным гандлі. Наша пазіцыя была зусім не хітрая, а вельмі простая. Гэта хутчэй Расія хітравала. І тое, што яе хітрасць не прайшла, кажа аб тым, што перамагла нармальная эканамічная логіка», — сказаў эканаміст, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Сяргей Чалы лічыць, што прыняты парламентам Беларусі кодэкс паслужыў добрым сродкам ціску ў перамовах, які выкарыстаў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.

На саміце ЕўрАзЭС у Астане прэзідэнты Беларусі, Расіі і Казахстана дамовіліся «запусціць» Мытны саюз з шостага ліпеня. Пры гэтым пошліны на аўтамабілі для беларусаў застануцца ранейшымі як мінімум да першага ліпеня наступнага года. Акрамя таго, згодна з падпісаным дакументам, расійскія вывазныя пошліны на нафту і нафтапрадукты для Беларусі аўтаматычна скасаваны адразу пасля падпісання Мінскам ўсіх дакументаў па Адзінай эканамічнай прасторы МС, што можа адбыцца, па словах віцэ-прэм’ера РФ Ігара Шувалава, ужо на пачатку 2011 года.

Как вам новость?
Головоломки