Чалы: Беларусі давядзецца перажыць дзве дэвальвацыі

06.10.2010 11:48
Архив Редакция

Эканаміст Сяргей Чалы лічыць, што Беларусі давядзецца перажыць дзве дэвальвацыі. На думку аналітыка, па-першае, паступовая дэвальвацыя праз зніжэнне курсу нацыянальнай валюты зробіць экспарт больш прывабным, а імпарт больш дарагім. «Ёсць і іншая дэвальвацыя — унутраная. Абмежаванне бюджэтных расходаў і рэальных даходаў насельніцтва», — адзначае эканаміст.

Гэтыя непапулярныя меры, па словах аналітыка, даюць адзін і той жа эфект з пункту гледжання макраэканомікі. «Па вялікім рахунку, нам давядзецца праводзіць абедзве дэвальвацыі. Карацей, у новага прэзідэнта эканамічных праблемаў будзе вышэй даху. Прычым вырашаць іх прыйдзецца амаль адразу. Хто б ні выйграў выбары, усе будуць вымушаныя рабіць адно і тое ж», — мяркуе Сяргей Чалы.

Аналітык лічыць, што заявы Нацбанка Беларусі аб магчымасці звужэння валютнага калідора толькі правакуюць паніку сярод насельніцтва. «Трэба не заявы рабіць з серыі «Мы ніколі нічога не дапусцім», паколькі такім абяцанням людзі не вераць. І зрыў у паніку ўзнікае як раз тады, калі людзі не вераць абяцанням трываласці. Наадварот, трэба было б аб’явіць, што рубель будзе падаць. Але падаць не выпадкова і незразумела калі, а прадказальна. І ў сітуацыі, калі курс плануецца знізіць, паралельна павінны стаць больш прывабнымі дэпазіты ў рублях», — кажа Сяргей Чалы, перадае «Беларускі партызан».

Чалы: выйграць на курсах валют не атрымаецца

«Людзі ў снежні атрымаюць свае плюс 31% да тарыфнай стаўкі і пабягуць ў абменнікі, каб застрахавацца ад дэвальвацыі, — дадае эканаміст. — З лета 2010 года беларусы купляюць валюты больш, чым здаюць. Прычым у чэрвені яшчэ і рэкорд на год па колькасці набытай валюты паставілі. У ліпені — новы рэкорд. І гэта апошні месяц, па якім ёсць звесткі».

У той жа час, на думку эканаміста, рэзкага зніжэння курсу беларускай валюты не будзе. «Рэзкая дэвальвацыя адбудзецца наўрад ці. Бо затым давер да нацыянальнай валюты давядзецца вяртаць пад уплывам інфляцыі — таксама дэвальвацыя, хоць яе так і не называюць. І калі не чакаць рэзкага скачка, няма і неабходнасці тэрмінова пераводзіць рублі ў даляры. На гэтым не атрымаецца выйграць, паколькі курс будзе змяняцца павольна. А есці трэба кожны дзень, таму даляры давядзецца мяняць назад на рублі», — лічыць Сяргей Чалы.

На думку эканаміста, ніхто з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі ў сваіх перадвыбарных праграмах не паказаў, як мае намер вырашаць гэтыя праблемы. «Ні ў каго ў праграмах я гэтага не бачыў. Ні ў кандыдата № 1, ні ў кандыдатаў № 2-17. Там усё больш пра новыя працоўныя месцы. Але анекдот ў тым, што хто б ні выйграў выбары, усе будуць вымушаныя рабіць адно і тое ж! І меры гэтыя будуць даволі балючымі», — падкрэслівае Сяргей Чалы.

Как вам новость?