Чалы: павышэнне заробку павялічыць сацыяльную няроўнасць

30.09.2010 15:08
Архив Редакция

Незалежны аналітык Сяргей Чалы лічыць, што спроба ўладаў Беларусі дасягнуць сярэдняга ўзроўню заробку беларусаў у 500 даляраў прывядзе да павелічэння сацыяльнай няроўнасці ў грамадстве. Па словах эксперта, пры падвышэнні заробку людзі з сярэднім дастаткам прайграюць у параўнанні з больш заможнымі.

Сяргей Чалы лічыць, што паказчык у 500 даляраў у гэтым годзе немагчыма выканаць, не парушыўшы асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця — па інфляцыі, па курсе, па росце рэальных даходаў насельніцтва, перадае «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

«Але логіка перадвыбарчага года змушае ўрад «даганяць» заробак да 500 даляраў. Прычым тэмпы росту тарыфнай стаўкі першага разраду проста шалёныя. Чэрвень і лістапад — два павышэнні: першае — на 15%, другое — наогул на 31%! Прычым зразумела, чаму другое — у лістападзе: людзі атрымаюць гэтыя грошы ў пачатку снежня, яшчэ паспеюць прагаласаваць, а далей — хоць трава не расці», — растлумачыў эксперт.

Акрамя таго, Сяргей Чалы растлумачыў, што катэгорыі насельніцтва з малодшым дастаткам апынуцца ў пройгрышы яшчэ і таму, што падвышэнне заробкаў непазбежна прывядзе да павышэння коштаў на прадукты.

«У неканкурэнтным асяроддзі ўзровень коштаў вызначаецца выключна здольнасцю людзей плаціць. Манаполія выставіць такія кошты, каб сабраць усе грошы, якія пакупнікі здольныя выдаткаваць на той ці іншы тавар. Чым больш грошай у кішэнях людзей — тым вышэйшыя кошты», — растлумачыў эксперт.

Чалы: багатыя трацяць менш чым бедныя

Яшчэ адным важным фактарам у сувязі з гэтым з’яўляецца адрозненне ў структуры спажывання розных слаёў насельніцтва. «Больш заможныя людзі маюць больш высокую схільнасць да зберажэння. Узровень іх штодзённых выдаткаў меншы! І наадварот, структура спажывецкага кошыка ў самых-самых беднякоў — гэта ЖКГ і ежа. І трохі на адзенне. Кожны месяц яны трацяць усю ці амаль усю сваю зарплату — 100%. У заможных доля бягучых расходаў меншая», — растлумачыў эксперт.

«Адпаведна, рост цэнаў б’е па іх двойчы: мала таго, што ён даволі хутка апярэдзіць тое, што яны атрымаюць, дык яшчэ гэтыя цэны будуць складаць вялікую долю іх спажывецкага бюджэту», — падсумаваў Сяргей Чалы.

Тым не менш, аналітык адзначыў, што ўпершыню павышэнне заробку перад выбарамі не прывяло да росту рэйтынгу дзейнай улады. «Гэта сведчыць аб тым, што людзі, нарэшце, зразумелі, што грошы, якія ім плацяць, — не заробленыя», — заявіў эксперт.

Как вам новость?
Головоломки