Чалы: уступленне Беларусі ў Мытны саюз — тактычны ход

20.07.2010 15:42
Архив Редакция

Уступленне ў Мытны саюз для Беларусі было тактычным ходам, які дае краіне час на пераразмеркаванне энергетычных патокаў. Пра гэта заявіў беларускі эканаміст, незалежны фінансавы аналітык Сяргей Чалы.

Па словах эканаміста, Беларусь прыкладае ўсе намаганні для набыцця энергетычнай незалежнасці ад Расіі, імкнецца інтэгравацца ў энергетычную карту Еўропы. У тым ліку і дзеля гэтага, мяркуе эксперт, Беларусь уступіла ў Мытны саюз, аднак МС дае краіне не толькі выгады.

На думку эксперта, праз уступленне Беларусі ў МС імпарт скароціцца на адзін мільярд даляраў, некаторыя замежныя тавары і прадукты істотна падаражэюць, паведамляе «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

У той жа час, лічыць эксперт, увядзенне адзінага мытнага тарыфу спрыяльна адаб’ецца на экспарце прадукцыі лёгкай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, мясамалочнай прамысловасці. Верагодней за ўсё, доля экспарту гэтых тавараў у Расію павялічыцца, бо «знешнія» пошліны на гэтыя тавары павышаюцца, імпартаваць іх у Беларусь будзе даражэй, растлумачыў Сяргей Чалы.

Адпаведна, паднімуцца кошты на прадукцыю імпартнай вытворчасці. «Калі ўлічваць увядзенне сярэднеўзважаных тарыфаў і зыходзіць з эластычнасці імпарту па кошце, чакаецца, што імпарт у Беларусь скараціцца прыкладна на 1 мільярд даляраў, ці прыкладна на 8%.», — сказаў Сяргей Чалы.

Галоўным чынам гэта адбудзецца праз зніжэнне імпарту аўтамабіляў, лічыць фінансавы аналітык. Па розных прагнозах ён ўпадзе ў 4-7 разоў. Пры гэтым варта ўлічыць, што амаль чвэрць мытных пошлінаў у Беларусі прыходзілася на імпарт аўтамабіляў. Такім чынам, з аднаго боку, падае імпарт і стымулюецца ўнутраная прамысловасць, а з другога — скарачаюцца паступленні мытных пошлінаў у бюджэт. Бо пры падпісанні дакументаў па МС Беларусі не ўдалося прасунуць у іх тое, што хацелася. Засталіся расійскія экспартныя пошліны на нафту і нафтапрадукты.

Акрамя таго Сяргей Чалы адзначыў, што МС ускладніць для беларускіх прадпрыемстваў канкурэнцыю на расійскім рынку, нават нягледзячы на тое, што фармальна вялізны рынак МС адкрыты для беларускай прадукцыі.

«У нашага ўрада ёсць ілюзіі наконт таго, што Беларусь зноў будзе зборачным цэхам для вялікай прасторы Мытнага саюза. Маўляў, заходніх інвестараў прыцягне тое, што вырабленай тут прадукцыяй можна будзе без пошлінаў гандляваць амаль па ўсім былым СССР. Але мне здаецца, што гэта не атрымаецца. Бо, як паказвае практыка, у міждзяржаўным утварэнні, пабудаваным краінамі з такой эканомікай, як наша — не перадавымі індустрыяльнымі, а такімі, якія вечна развіваюцца — вялікая частка інвестыцыяў усё роўна ідзе ў краіну з большай эканомікай», — выказаў сваё меркаванне эксперт.

«Зразумела, што такія саюзы доўга не жывуць, так як яны не гарманізуюць інтарэсы краін-удзельніц. Мне падаецца, што пасля ўсяго, што адбылося за апошнія паўтара гады, ні ў каго ўжо не засталося ілюзіяў аб тым, што Расія для Беларусі больш не саюзнік, — сказаў Сяргей Чалы. — У стварэнне адзінай эканамічнай прасторы і ў тое, што там магчымая нейкая далейшая інтэграцыя, здаецца, ніхто ўжо не верыць. Думаю, што далейшая інтэграцыя наўрад ці адбудзецца».