Чаргінец: нічога страшнага на канцэрце Rammstein не было

09.03.2010 13:21
Архив Редакция

Старшыня беларускай Грамадскай рады па маральнасці Мікалай Чаргінец не хадзіў на мінскі канцэрт нямецкай групы Rammstein сёмага сакавіка, які ён сам раней заклікаў адмяніць. Аднак, як распавёў кіраўнік рады, яму распавялі, што "нічога страшнага на канцэрце не было".

«Я не хадзіў на гэты канцэрт, але кажуць, што нічога страшнага там не было. Проста хацелася ў выходныя трохі пабыць з сям’ёй, таму мы не планавалі ісці. Не планавалі не таму, што лічым яго дрэнным ці добрым. Прыемна хадзіць на тое, што табе падабаецца, што ты ведаеш», — заявіў Мікалай Чаргінец у інтэрв’ю «Еўрапейскаму радыё для Беларусі».

А Rammstein, па словах старшыні Грамадскай рады па маральнасці, ён не ведае. Ведае толькі, што гэта цяжкі рок. Такая музыка, па словах Мікалая Чаргінца, яму не падабаецца.

Кіраўнік праўладнага саюза пісьменнікаў таксама сказаў, што не выступаў за адмену канцэрту нямецкай групы. Гаворка нібы ішла толькі пра тое, каб падчас выступу нямецкія рокеры не замахваліся на маральнасць беларусаў. А ў тым, што такая небяспека існавала, Мікалай Чаргінец упэўнены.

«Мы не забаранялі – мы звярталіся да арганізатараў канцэрту, каб тыя выказалі асцярожнасць у той частцы, каб не было дапушчана на сцэне тых фактаў, якія ў нас маюцца на відэазапісах. У мяне ляжаць плёнкі гэтыя. Там сапраўды абуральныя факты», — заявіў кіраўнік рады.

Нагадаем, што ў канцы лютага Грамадская рада па маральнасці прыняла заяву, у якой сцвярджалася, што «рашэнне везці ў Мінск Rammstein – гэта памылка, якая можа нам дорага абыйсціся». Пазней Мікалай Чаргінец запатрабаваў ад арганізатараў, каб тыя да пачатку канцэрту арганізавалі папярэдні прагон будучага выступу. Падчас прагону прадстаўнікі рады і мінкульта збіраліся пераканацца, што маральнасці слухачоў нічога не пагражае. Аднак ніякага папярэдняга прагону канцэртнай праграмы так і не адбылося.
 

Как вам новость?
Головоломки