Часовыя ўлады Кыргызстана настойваюць на экстрадыцыі Бакіева

04.05.2010 15:27
Архив Редакция

Часовыя ўлады Кыргызстана прынялі рашэнне аб пазбаўленні статусу недатыкальнасці прэзідэнта Курманбека Бакіева. Адпаведны дакумент падпісала кіраўніца створанага ў краіне часовага ўрада Роза Атунбаева. Таксама ў дэкрэце змешчана даручэнне Генпракуратуры краіны афіцыйна запатрабаваць экстрадыцыі палітыка.

Як адзначаецца ў дакуменце, які стаў удакладненнем да прынятага часовымі ўладамі Кыргызстана 26 красавіка законапраекту аб адхіленні Курманбека Бакіева ад пасады і пазбаўленні прэзідэнцкага імунітэту, «Бакіеў дапусціў растрэл мірных грамадзян і тым самым сам пазбавіў сябе статусу экс-прэзідэнта і недатыкальнасці», перадаюць «Весці.kz».
У дачыненні да прэзідэнта Кыргызстана, які знаходзіцца ў Мінску па асабістым запрашэнні беларускага калегі Аляксандра Лукашэнкі, а таксама да шэрагу высокапастаўленых чыноўнікаў ягонай адміністрацыі на радзіме ўзбудзілі крымінальную справу па абвінавачванні ў масавых забойствах падчас беспарадкаў і эканамічных злачынствах.
Як раней паведамляў Тэлеграф, сам Курманбек Бакіеў па прылёце ў сталіцу Беларусі заявіў, што не складае з сябе паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы і застаецца законна абраным прэзідэнтам Кыргызстана.

Как вам новость?