Чавес прапанаваў Беларусі павялічыць здабычу нафты

15.03.2010 09:09
Архив Редакция

Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес заявіў пра магчымасць павялічыць здабычу нафты Беларуссю ў Венесуэле да 20 тыс. барэляў у суткі. Пра гэта венесуэльскі лідар паведаміў на сустрэчы з чальцамі беларускай дэлегацыі — удзельнікамі паседжання Беларуска-венесуэльскай сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на дадзены момант прадпрыемствам «Петралера Белавенесалана» на радовішчах Венесуэлы вядзецца здабыча каля 15 тыс. барэляў нафты ў суткі.

Па меркаванні Уга Чавеса, Беларусі і Венесуэле, нягледзячы на адлегласць, варта яшчэ больш умацаваць двухбаковыя адносіны. «Да ўжо наяўных праектаў могуць быць дададзены новыя, а таксама пашырана наменклатура экспартна-імпартных паставак. Так, Венесуэла гатовая сёлета імпартаваць дзесяць тысяч тон сухога малака з Беларусі», — лічыць прэзідэнт Венесуэлы.

Венесуэльскі лідар таксама сказаў, што Венесуэла можа пастаўляць у Беларусь какаву і прадукцыю з яе, трапічную садавіну, каву. «Мы гатовыя закупляць у Беларусі шматлікія рэчы, а беларусы гатовыя навучаць нас тэхналогіям, якімі валодаюць самі. Венесуэльскі народ ужо карыстаецца пладамі адносін паміж нашымі краінамі», — падкрэсліў Уга Чавес.

«Венесуэльцы павінны больш пазнаць пра Беларусь. Беларусь мае стратэгічнае становішча ў самым сэрцы Еўропы. Гэта краіна зрабіла вялікі ўнёсак у перамогу над фашызмам. Тут нізкі ўзровень беспрацоўя, не праведзена бяздумная прыватызацыя», — заявіў прэзідэнт Венесуэлы, паведамляе БелТА.

Сямашка: Беларусь да сярэдзіны 2011 года пабудуе тры заводы ў Венесуэле

Першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ўладзімір Сямашка на сустрэчы прэзідэнта Венесуэлы распавёў, што Беларусь да сярэдзіны 2011 года плануе завяршыць будаўніцтва трох заводаў у Венесуэле: па вытворчасці цэглы, трактароў і грузавых аўтамабіляў.

«За чатыры гады Беларусь і Венесуэла прайшлі шлях, на які шматлікім краінам патрабуюцца дзесяцігоддзі. Пры гэтым дзве дзяржавы ўжо выйшлі на рэалізацыю пэўных праектаў. Так, беларускія спецыялісты пачалі газіфікацыю асобных раёнаў у штаце Барынас, вядзецца будаўніцтва жылых мікрараёнаў», — паведаміў Уладзімір Сямашка.

Віцэ-прэм’ер заявіў, што ўжо пачалі будаўніцтва заводу па вытворчасці цэглы, здача якога прызначана на першага кастрычніка 2011 года, а да першага ліпеня будзе завершана будаўніцтва двух заводаў: па вытворчасці трактароў на дзесяць тысяч адзінак у год і грузавых аўтамабіляў на пяць тысяч адзінак у год.

Уладзімір Сямашка падкрэсліў, што эканомікі дзвюх краін узаемадапаўняльныя: Венесуэла багатая прыроднымі рэсурсамі, у Беларусі ж развітыя прамысловасць, машынабудаванне, сельская гаспадарка.

Как вам новость?
Головоломки