Чавес: Венесуэла ў цэнтры Еўропы знайшла братэрскі народ

18.10.2010 09:20
Архив Редакция

Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес заявіў, што ў цэнтры Еўропы Венесуэла знайшла братэрскі народ — беларусаў. Пра гэта Уга Чавес заявіў 16 кастрычніка на сустрэчы ў пашыраным складзе з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Па словах Уга Чавеса, цяперашні візіт дэлегацыі з Венесуэлы надасць дадатковы імпульс беларуска-венесуэльскаму альянсу і дружбе.

«Вельмі важна, каб нашы народы маглі адчуць тое, у што можа выліцца гэтае супрацоўніцтва. Дзякуй вам, у першую чаргу за вашу працягнутую руку дружбы. Баліварыянская рэвалюцыя, народ Венесуэлы — мы знайшлі тут, у сэрцы Еўропы, братэрскі народ і радзіму, сапраўды так жа, як вы ў нас», — падкрэсліў Уга Чавес.

Прэзідэнт Венесуэлы падзякаваў Беларусі за магчымасць паставак нафты, перадае БелТА. «Мець магчымасць прывезці нафту з Венесуэлы ў сэрцы Еўропы на вашыя нафтаперапрацоўчыя заводы — гэта з’яўляецца вельмі стратэгічным для нас. Вы нам дазваляеце ствараць новыя шляхі для гандлю нашай нафтай. Мы ганарымся тым, што нашы караблі могуць дастаўляць у Беларусь або праз Чорнае, або праз Балтыйскае мора нашу нафту», — заявіў Уга Чавес.

Беларусь і Венесуэла плануюць пашырыць сферы супрацоўніцтва

Разам з тым на двухбаковых перамовах бакі вызначылі дадатковыя напрамкі супрацоўніцтва. «Мы вырашылі знайсці магчымасць будаўніцтва ў Венесуэле заводаў па вытворчасці тканіны і адзення, абутку. Таксама мы можам займацца вытворчасцю мэблі», — паведаміў прэзідэнт Венесуэлы.

Уга Чавес падкрэсліў, што нягледзячы на сусветны эканамічны крызіс Беларусь не спынілася ў сваім развіцці, захаваўшы ўзровень жыцця насельніцтва, нізкі ўзровень беспрацоўя, якасную адукацыю, ахову здароўя.

У сваю чаргу прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што беларуска-венесуэльскае супрацоўніцтва сёння — гэта ўжо дзясяткі шматмільённых кантрактаў і праграмаў. Беларускі лідар асабліва падзякаваў венесуэльскаму боку за арганізацыю паставак у Беларусь вуглевадароднай сыравіны. «Мы асабліва ўдзячныя кіраўніцтву і працаўнікам венесуэльскай нафтавай кампаніі, якая выконвае ўсе дамоўленасці», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Как вам новость?
Головоломки