Чавес: Венесуэла ўпершыню выходзіць з нафтай у Еўропу

18.03.2010 09:13
Архив Редакция

Венесуэла ў маі 2010 года паставіць у Беларусь спробную партыю нафты ў аб'ёме да 80 тыс.тон. Да канца года плануецца паставіць да чатырох мільёнаў тон. Адпаведныя дакументы падпісалі 17 сакавіка ў Каракасе ў прысутнасці прэзідэнтаў Беларусі і Венесуэлы Аляксандра Лукашэнкі і Угі Чавеса. "Венесуэла ўпершыню выходзіць з нафтай у Еўропу", — падкрэсліў прэзідэнт Венесуэлы.

Па словах Угі Чавеса, сырая нафта будзе пастаўляцца праз порт Адэсы для наступнай перапрацоўкі на Мазырскім НПЗ. «На працягу двух месяцаў плануецца стварыць сумеснае беларуска-венесуэльскае прадпрыемства па пастаўках нафты, у якім 75% акцый будзе належыць Венесуэле, 25% — Беларусі», — адзначыў прэзідэнт Венесуэлы.

Бакі падпісалі ліцэнзію на права распрацоўкі Беларуссю газавых радовішчаў і здабычы газу на шасці радовішчах у Венесуэле, а таксама дамову пра стварэнне сумеснага прадпрыемства па аказанні сэрвісных паслуг у галіне здабычы нафты.

Беларуска-венесуэльская сумесная камісія па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве таксама падпісала кантракт на пастаўку ў 2010 годзе ў Венесуэлу двух тысяч камплектаў газавага абсталявання.

Беларусь паставіць у Венесуэлу дарожнай і будаўнічай тэхнікі амаль на 200 млн. даляраў

У Каракасе беларускі і венесуэльскі бакі падпісалі кантракт, паводле якога Беларусь паставіць у Венесуэлу 1,3 тыс. адзінак дарожнай і будаўнічай тэхнікі (МАЗ, БЕЛАЗ, «Амкадор», МЗКЦ) на 199 млн. даляраў.

Кіраўнікі дзяржаў склалі дамову на будаўніцтва ў Венесуэле заводаў па вытворчасці тэхнікі МАЗ, разлічаных на выпуск пяці тысяч адзінак у год, і МТЗ — на дзесяць тысяч адзінак у год. Кошт заводаў складзе 55 млн. даляраў.

Беларускі бок узвядзе ў Венесуэле завод па зборцы дарожнай, будаўнічай і камунальнай тэхнікі магутнасцю тры тысячы адзінак у год і тэхнічны цэнтр па рамонце і абслугоўванню дарожна-будаўнічай, камунальнай і сельскагаспадарчай тэхнікі і аўтобусаў, а таксама прыме ўдзел у абсталяванні заводаў па перапрацоўцы і нарыхтоўцы металалому, паведамляе БелТА.

Беларусь і Венесуэла таксама прыйшлі да дамовы, што беларускія спецыялісты будуць ажыццяўляць праектаванне і будаўніцтва аграмястэчка і сельскагаспадарчых вытворчых аб’ектаў у раёне Ата Педрыгаль, а таксама пабудуюць жылы раён на дзесяць тысяч  кватэр у горадзе-спадарожніку Барынас і школу і дзіцячы сад у горадзе Маракай у якасці падарунка венесуэльскаму народу.

Чавес прыедзе ў Беларусь у кастрычніку 2010 года

Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес у кастрычніку 2010 года наведае з візітам Беларусь, а ўлетку 2011 года ў Венесуэлу прыедзе кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка. «У Беларусі ёсць што паказаць прэзідэнту Венесуэлы і чым яго зацікавіць», — упэўнены беларускі лідар.

«За апошнія гады мы некалькі адсталі ў рэалізацыі планаў. Давайце нагонім прапушчанае і тое, што планавалі зрабіць за тры гады, зробім за два, а тое, што жадалі зрабіць за два, зробім за адзін год», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Беларусы прыйшлі ў Венесуэлу як самыя блізкія сябры і браты. Мы не толькі будзем здабываць нафту і газ, будаваць гарады і вёскі. Самае галоўнае — мы жадаем навучыць гэтаму венесуэльскіх сяброў. Калі мы будзем ісці хуткімі крокамі, дык у Венесуэле будуць свае спецыялісты, буйныя арганізацыі, якія будуць адбудоўваць гэту выдатную краіну. Мы абавязкова зробім тое, што паабяцалі», — заявіў беларускі прэзідэнт.

«Венесуэла — гэта наш дом, наша зямля. Сапраўды так і Беларусь павінна стаць роднай зямлёй для венесуэльцаў», — сказаў напрыканцы Аляксандр Лукашэнка.

Как вам новость?
Головоломки