Чэхі пабудуюць у Мінску смеццеперапрацоўчы завод з плазменным рэактарам

17.03.2011 12:15
Архив Редакция

Чэшская кампанія Еco Clean Energy мае намер пачаць будаўніцтва ў Мінску смеццеперапрацоўчага завода з выкарыстаннем плазменнага рэактара. Інвестыцыйную дамову на будаўніцтва аб'екта падпісалі 16 сакавіка кіраўнік Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька і старшыня назіральнай Рады Еco Clean Energy Вацлаў Аўбрэхт.

Плануецца, што прадпрыемства будзе перапрацоўваць 50-60 тыс. тон смецця штогод, магутнасць вытворчасці павінна скласці 65-90 тыс. МВт/гадзіну электраэнергіі. Энергію, атрыманую ад перапрацоўкі смецця, пусцяць на патрэбы сталіцы. Адной з магчымых пляцовак пад будаўніцтва завода з’яўляецца палігон «Трасцянец». Здача аб’екта прызначаная на снежань 2013 года, паведамляе БелТА.

Па словах Вацлава Аўбрэхта, прымяненне плазменнага спосабу для перапрацоўкі адкідаў не прыводзіць да выкідаў у атмасферу. Смецце будзе перапрацоўвацца ў біяпаліва, з якога затым магчыма атрымаць цепла- і электраэнергію. Адкіды перапрацоўкі, так званая лава, могуць служыць для будаўнічых патрэбаў. Калі гэты праект стане паспяховым, чэшскі бок мае намер працягнуць супрацоўніцтва з Мінскам у сферы спеццеперапрацоўкі.

«Гэта першы крок нашага супрацоўніцтва, спадзяюся, ён будзе паспяховым, і ў перспектыве ў Мінску мы можам пабудаваць некалькі такіх заводаў рознай магутнасці. Патэнцыял для гэтага ёсць», — заявіў Вацлаў Аўбрэхт.

Мінскія ўлады таксама разглядаюць праект як выгадны, паколькі ў сталіцы ёсць праблема ўтылізацыі адкідаў. Мікалай Ладуцька патрабуе, каб праект быў увасоблены за кароткі тэрмін.

Как вам новость?