Чыгір: каб пазбегнуць дэфолту Беларусі давядзецца прыняць жорсткія меры

02.08.2010 14:46
Архив Редакция

Калі Беларусь не зможа захаваць на нейкі перыяд ільготныя кошты на сыравіну, якую  атрымлівае з Расіі, неабходна будзе прымаць жорсткія меры, каб пазбегнуць дэфолту. Пра гэта заявіў экс-прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір. Былы беларускі прэм'ер выказаў занепакоенасць нядаўнім пагаршэннем адносінаў Беларусі з Расіяй.

Па ягоных словах, калі ў наступным годзе Расія выставіць Беларусі нафту і газ па сусветных цэнах, то гэта негатыўна адаб’ецца на фінансавым стане рэспублікі, паведамляе беларуская служба Deutsche Welle.

«Калі верыць статыстыцы, то ў нас у эканоміцы ўсё выдатна. Аднак на самой справе сур’ёзнай праблемай з’яўляецца тое, што Беларусь у фінансавым плане адчувае сябе вельмі няўпэўнена», — заявіў Міхаіл Чыгір.

Па словах палітыка, у апошнія гады ў Беларусі назіраецца значнае адмоўнае сальда знешняга гандлю (гэта значыць краіна прадае менш, чым купляе), а таксама павелічэнне знешняга доўгу краіны.

Хуткі рост сукупнай знешняй запазычанасці звязаны як з павышэннем кошту расійскага газу, так і са скарачэннем паставак бяспошліннай нафты з Расіі, патлумачыў Міхаіл Чыгір. «Паколькі такая тэндэнцыя захоўваецца і ў гэтым годзе, было прынята рашэнне аб размяшчэнні аблігацыяў на еўрапейскім рынку. Гэта адзін з варыянтаў пакрыцця адмоўнага сальда знешнегандлёвага звароту Беларусі», — дадаў палітык.

Былы беларускі прэм’ер распавёў, што нягледзячы на тое, што сума знешняга доўгу краіны, мяркуючы па статыстыцы, не крытычная, гэтыя грошы ідуць на бягучае спажыванне — для падтрымання курсу нацыянальнай валюты і гэтак далей. «За кошт знешняга доўгу мы не ствараем вытворчасці, якія б працавалі і дапамагалі гасіць гэтую пазыку. І такая тэндэнцыя захоўваецца, таму знешні доўг для нас небяспечны», — растлумачыў палітык.

Чыгір: у 1994 годзе Беларусі не скарысталася добрымі магчымасцямі

«На такім шыкоўным скрыжаванні паміж Еўрасаюзам і Расіяй можна было б пабудаваць квітнеючую дзяржаву. У Беларусі былі выдатныя магчымасці, пачынаючы з 1994 года, але яна ад іх адмовілася. Умацоўвалася армія, міліцыя, а эканоміка заставалася на задворках», — сказаў Міхаіл Чыгір.

Па ягоных словах, у Беларусі так і не стварылі новыя сучасныя вытворчасці, якія б адказвалі міжнародным стандартам. «І сёння, бо мы не можам свой імпарт «закрыць» за кошт свайго экспарту, у краіны з’явіліся вялікія праблемы, у тым ліку і таму, што скарацілася дапамога з боку Расіі», — заявіў палітык.

Для вырашэння праблемы Беларусі патрэбныя інвестыцыі, высокаэфектыўныя працоўныя месцы, а таксама гарантыі стабільнай працы інвестараў і захаванасці іх уласнасці, выказаў сваё меркаванне Міхаіл Чыгір. Аднак, па яго словах, інвестары з асцярогай пазіраюць на Беларусь.

«У свой час было каласальнай памылкай дапусціць, што з Беларусі сышлі такія інвестары як Skoda і Ford. Гэта былі патэнцыйна сур’ёзныя заказы для нашых прадпрыемстваў. Але Лукашэнка лічыў, што мы самі можам усё гэта зрабіць. А мы не можам без дапамогі магутнай аўтамабільнай кампаніі», — заявіў Міхаіл Чыгір.

Па словах палітыка, у цяперашні час плануецца, што іранскі інвестар будзе займацца зборкай машын у Беларусі. Аднак ён сам збірае іх дзякуючы французскай кампаніі, таму краіне трэба напрамую працаваць з Францыяй па зборцы аўтамашын, патлумачыў былы прэм’ер-міністр Беларусі.

Как вам новость?