Чыгір прадракае Лукашэнку "вельмі вялікія праблемы"

21.10.2010 15:18
Архив Редакция

Былы прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір лічыць, што прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку «чакаюць вялікія праблемы». «Расія Беларусі ўвесь час аказвала каласальную падтрымку. А цяпер з яе робяць нейкага ворага. Праз тое, што сёння адбываецца, думаю, у Лукашэнкі паўстануць вельмі вялікія праблемы", — заявіў Міхаіл Чыгір.

«Лукашэнка ў свой час правільна сказаў: «Я буду прэзідэнтам да таго часу, пакуль мяне падтрымлівае Расія». Калі Расія перакрые мяжу і з намі пачне гандляваць як з усімі астатнімі па нафце і газе, то праз паўгады тут будзе эканамічны калапс. Не ўтрымаецца ва ўладзе ні Аляксандр Рыгоравіч, ні любы іншы, прыйшоўшы да ўлады на выбарах — пакуль не адновіць нармальныя добразычлівыя адносіны з Расіяй», — адзначыў былы прэм’ер, перадаюць «Свабодныя навіны».

На думку Міхаіла Чыгіра, кіраўніцтва Беларусі за апошнія гады дапусціла масу эканамічных памылак. «Мы выгналі «Форд», не дазволілі зборку «Шкоды». Да сённяшняга дня ў адпаведнасці з падпісанымі пагадненнямі «Форд» павінен быў ужо збіраць аўтамабілі са стоадсоткавай камплектацыяй ў Беларусі. А мы ўмацоўвалі войска, міліцыю, спецслужбы — але яны ж грошы не зарабляюць!», — сказаў Міхаіл Чыгір.

Па словах экс-прэм’ера, вырашаць эканамічныя праблемы з дапамогай замежных крэдытаў можна будзе нядоўга. «Сапраўды, наш цяперашні знешні доўг пакуль некрытычны. Але калі б ён утвараўся на аснове таго, што мы стваралі нейкія магутнасці, вытворчасці. Не ж, гэтыя грошы проста праядаюцца, ідуць на падтрыманне курсу, не інвестуюцца ў вытворчасць. Калі сёння ўжо грошай не хапае, то адкуль заўтра яны возьмуцца, каб жыць і яшчэ аддаваць даўгі?», — адзначыў Міхаіл Чыгір.

«Такое ўражанне, што ўсе баяцца браць на сябе адказнасць, ніхто нічым не кіруе. У нас каласальнае адмоўнае гандлёвае сальда, а мы працягваем есці часнык кітайскі, грушы кітайскія, моркву галандскую, будматэрыялы на рынку ўсе польскія. Яны што, не разумеюць, што іх дзецям і ўнукам прыйдзецца аддаваць гэтыя даўгі?», — дадаў экс-прэм’ер.

Как вам новость?
Головоломки