Чыноўнікаў абавяжуць адказваць на лісты на беларускай мове

13.08.2010 14:16
Архив Редакция

У парламенце Беларусі ідзе праца над законапраектам аб зваротах грамадзянаў і юрыдычных асобаў. У ліку новаўвядзенняў ёсць пункт аб тым, што адказы на афіцыйныя пісьмовыя запыты павінны давацца на той мове, на якой прыходзіць запыт. Такім чынам, чыноўнікі па законе будуць абавязаныя адказваць на беларускамоўныя запыты па-беларуску.

«У нас у краіне дзве дзяржаўныя мовы, і мы ўсё ж прыйшлі да такой думкі, і будзем яе прытрымлівацца, — даваць адказ на мове звароту. Калі ён на беларускай мове, значыць, адпаведна адказваць па-беларуску, калі на расійскай — значыць па-расійску», — паведаміў дэпутат пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Яўген Мельнікаў.

У цяперашні момант профільная камісія рыхтуе дакумент да першага чытання. Акрамя ўсяго іншага ў законапраекце ёсць некалькі палажэнняў аб афіцыйных зваротах па электроннай пошце, перадае «Звязда».

Плануецца, што цяпер афіцыйныя звароты можна будзе накіраваць па электроннай пошце на афіцыйныя сайты арганізацыяў. Адказы ж на такія звароты арганізацыі змогуць «на меркаванні кіраўніка» даваць як па электроннай, так і па звычайнай пошце.

Как вам новость?