Члена Міжнароднай назіральнай місіі высылаюць з Беларусі

29.04.2011 11:16
Архив Редакция

У чацвер, 28 красавіка, супрацоўнікі мінскай міліцыі затрымалі прадстаўніка Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Івана Кандраценку ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінску, дзе ён знаходзіўся ў якасці назіральніка на працэсе па "справе 19 снежня". Расійскага юрыста даставілі ў раённы аддзел міліцыі і ўручылі загад пакінуць Беларусь на працягу 24 гадзін. 

Як паведамілі ў Камітэце міжнароднага кантролю, 28 красавіка Іван Кандраценка прысутнічаў на судовым працэсе над удзельнікамі акцыі пратэсту 19 снежня ў Мінску — Андрэем Пратасенем, Паўлам Вінаградавым, Дзмітрыем Драздовым, Уладзімірам Хамічэнкам і Алесем Кіркевічам. Расійскага праваабаронцу затрымалі падчас перапынку ў слуханні справы, каля 13:30. Міліцыя даставіла яго ў Маскоўскі РУУС, дзе ў яго адабралі тэлефоны і пашпарт «на падставе праверкі на сапраўднасць». У аддзяленні Іван Кандраценка правёў больш за чатыры гадзіны, пасля чаго яго адпусцілі з паведамленнем міграцыйнай службы з загадам пакінуць тэрыторыю Беларусі на працягу сутак.

«Сітуацыя вельмі нагадвае тое, што адбылося з Андрэем Юравым, кіраўніком Міжнароднай назіральнай місіі. Івана Кандраценку затрымалі ў той момант, калі ён ажыццяўляў праваабарончы маніторынг у судзе. Тым самым Беларусь працягвае дэманстраваць грэбаванне сваімі міжнароднымі абавязальніцтвамі ў рамках АБСЕ і ААН, прыняўшы якія, яна пагадзілася з міжнародным кантролем за сітуацыяй з правамі чалавека на сваёй тэрыторыі. У гэтым кантэксце любыя выправаджэнні і забароны на ўезд праваабарончых назіральнікаў недапушчальныя. Асабліва цынічна гэта выглядае ў дачыненні да грамадзянам Расіі, з якой у Беларусі заключана Дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы», — адзначыў прадстаўнік Міжнароднай назіральнай місіі ў Беларусі Валянцін Гефтэр.

Як ужо перадаваў Тэлеграф, у аналагічнай сітуацыі месяц таму апынуўся кіраўнік Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Андрэй Юраў. Яго затрымалі 16 сакавіка і таксама выдалі прадпісанне пакінуць тэрыторыю Беларусі на працягу сутак. Пры затрыманні юрысту заявілі, што ён «незаконна прабраўся на тэрыторыю» Саюзнай дзяржавы, на падставе чаго можа быць распачата крымінальная справа.

Акрамя таго, 20 красавіка на пагранзаставе Церухі знялі з цягніка Кіеў — Мінск украінскую праваабаронцу, кіраўніцу Кіеўскага інфармацыйнага цэнтра Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі Марыну Цапок. На наступны дзень, 21 красавіка, забаранілі ўезд у Беларусь намесніку кіраўніка Усеўкраінскай моладзевай арганізацыі «фундацыі рэгіянальных ініцыятываў», украінскаму праваабаронцу Міхаілу Каменеву.

Как вам новость?