Членаў "рэвалюцыйнай" групы ў сацсетках выклікаюць у КДБ

21.06.2011 15:28
Архив Редакция

У берасцейскі КДБ выклікаюць мясцовых апазіцыянераў і грамадзян, якія ўваходзяць у інтэрнэт-суполку "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі". Знаходзячы іх імёны ў спісе ўдзельнікаў групы, супрацоўнікі КДБ выклікаюць іх на допыты, патрабуючы пакінуць суполку і не ўдзельнічаць у арганізаваных групай акцыях, паведаміў рэгіянальны каардынатар аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Зміцер Шурхай.

У прыватнасці, у КДБ нядаўна выклікалі актывіста БХД Арцёма Палашанкіна. Кацярыне Слядзеўскай, якая таксама ўваходзіць у БХД, па тэлефоне паведамілі, што хутка ёй прыйдзе позва ў КДБ, паведамілі ў прэс-службе БХД.
 
«За непадпарадкаванне людзям пагражаюць праблемамі ў навучанні, на працы, моладзі — праблемамі на працы іх бацькоў. Улады бачаць, што людзі пачалі вызваляцца ад страху, і самі пачынаюць ўпадаць у страх і паніку. Такім чынам яны спрабуюць спыніць пратэстны рух, які набірае ўсё большую сілу», — заявіў Зміцер Шурхай.

Як раней паведамляў Тэлеграф, жыхары рэгіёнаў падтрымалі ініцыятыву арганізатараў групы «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» папулярнай сацсеткі «Вконтакте» і ў 19:00 у сераду, 15 чэрвеня, выйшлі на галоўныя плошчы сваіх гарадоў. Людзі, не высоўваючы палітычных патрабаванняў, без лозунгаў і якіх-небудзь заклікаў, мірна выказалі свой пратэст супраць палітыкі, што праводзіцца ўрадам краіны. Паведамляецца аб дзясятках затрыманых у розных гарадах. Наступная падобная акцыя павінна адбыцца 22 чэрвеня.

Как вам новость?
Головоломки