Цярэшчанка: людзі хочуць пераменаў, але не змены ўлады

13.12.2010 08:53
Архив Редакция

Кандыдат у прэзідэнты Беларусі Віктар Цярэшчанка лічыць, што сёння большасць беларусаў хоча пераменаў, але не змены ўлады. Да такой высновы кандыдат прыйшоў у ходзе сустрэчаў з выбаршчыкамі ў рэгіёнах краіны. Віктар Цярэшчанка у інтэрв'ю Тэлеграфу падкрэсліў, што ведае, як даць выбаршчыкам тое, чаго яны хочуць — стабільнасці.


— З якой мэтай Вы — Віктар Цярэшчанка — балатуецеся ў прэзідэнты? Што падштурхнула Вас на гэты крок?

— Неабходнасць замены ўлады. Маючы здольнасці, маючы досвед кіравання, маючы адукацыю, узрост і каманду, лічу, што я здольны быць прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Я ведаю, як гэта зрабіць. Я ведаю, што самае галоўнае — гэта грашова-крэдытная палітыка і стабільнасць нацыянальнай валюты, яе абарона. Іншымі словамі, як напісана ў мяне ў праграме, стабільнасць нацыянальнай валюты — гэта аснова.

— Скажыце, а ці падтрымала Вас у гэтай ініцыятыве сям’я? Як яны паставіліся да Вашага рашэння стаць прэзідэнтам?

— 28 жніўня на Браслаўскіх азёрах у Віцебскай вобласці я распавёў жонцы пра тое, што хачу вылучацца ў кандыдаты ў прэзідэнты. Прыкладна тры-чатыры дні ёй спатрэбілася, каб прыняць гэтую думку, але цяпер яна — мой актыўны прыхільнік і памочнік. Калі яна азнаёмілася у інтэрнэце з інфармацыяй аб тым, хто плануе балатавацца ў прэзідэнты, калі яна ўбачыла 27 верасня, хто зарэгістраваны, яна сказала: «Віця, ты маеш рацыю». Вось так адрэагавала мая жонка. Яна па адукацыі эканаміст, інжынер, гэта значыць яна пісьменны чалавек. Яна сказала: «Так, гэта цяжка і матэрыяльна, і фізічна, і маральна, але я пацярплю». Яна правільна зрабіла.

— У Вашай перадвыбарчай праграме вельмі падрабязна распісаны план эканамічнай мадэрнізацыі краіны. Верагодна, гэта звязана з тым, што Вы — эканаміст па адукацыі. А што Вы прапануеце выбаршчыкам ў іншых сферах, напрыклад, сацыяльнай?

— Так ужо выпадкова атрымалася, што сёння я адзіны з усіх кандыдатаў па адукацыі эканаміст. Больш за тое, я не проста эканаміст, а вучоны эканаміст. У нас эканамістаў больш няма па дыпломе. Ну, ёсць па эмоцыях, па характары, па жаданні эканамісты. (Варта адзначыць, што яшчэ два кандыдаты ў прэзідэнты маюць эканамічную адукацыю — дзейны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка і кандыдат ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук — Тэлеграф).

Але я лічу, што мая праграма добрая, не таму, што яна мая, бо гэта каманда над ёй працавала. Яшчэ 17 гадоў таму, абараняючы кандыдацкую дысертацыю, я напісаў аб неабходнасці змены эканамічнай мадэлі краіны і рэфармаванні дзяржаўных прадпрыемстваў, іх акцыянавання. Прайшло 17 гадоў, дзяржава магла ўжо пайсці па іншаму шляху, у тым ліку ўмацаваць нацыянальную валюту. 11 гадоў таму, калі ўрад Беларусі прымаў дзяржаўную праграму развіцця экспарту Беларусі, дзяржаўную праграму развіцця Беларусі да 2020 года, мы ўжо прадугледжвалі рэфармаванне. Але гэта не ўлічана і не выканана. Мая праграма — ужо даўно набалелая, падрыхтаваная у тым ліку з маім удзелам, гатовая для ўкаранення праграма.

Я назаву просты прыклад. У нас гарбачоўскія аблігацыі, пазыкі дваццацігадовай даўніны да гэтага часу ляжаць. Гэта доўг, які мае дзяржава перад народам, і яго да гэтага часу не вярнулі. Я іх вярну за два-тры гады максімум.

Я хачу, каб была матывацыя да працы, каб людзі хацелі працаваць. Я хачу, каб людзі, сыходзячы на пенсію, не баяліся, што іх выганяць, разарвуць з імі працоўны кантракт. Я хачу ўсё гэта зрабіць. Я лічу, што калі мы будзем адзін аднаго падстаўляць, калі мы будзем адзін аднаму ворагамі, калі будзем ўшчамляць правы, то заўтра будзем у гэтым жа становішчы. Мы ж на пенсію ўсе сыдзем. Калі сёння чыноўнік, міністр думае, што ён вечны, ён не мае рацыі. Пройдзе два гады ці сто гадоў, але ён усё роўна на пенсію сыдзе. Усіх гэта закране.

Пытанне інвалідаў, утрымання інвалідаў першай групы, за якімі патрэбны абавязковы догляд. Гэта ўсё магчыма вырашыць. Проста трэба будзе ўсё аформіць не праз дэкрэты, а праз законы, якія сёння ў нас, на жаль, не дасканалыя альбо наогул адсутнічаюць.

— Хацелася б таксама пагаварыць пра яшчэ адну немалаважную сферу — энергетыку. Вы з’яўляліся ўдзельнікам ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Якое Ваша стаўленне да цяперашняга праекту будаўніцтва ўласнай АЭС у Беларусі? Ці лічыце Вы неабходным яго рэалізоўваць?

— Я супраць таго, каб сёння Беларусь будавала сваю атамную электрастанцыю па наступных прычынах. Па-першае, у Беларусі няма сродкаў. Калі будаваць у доўг, значыць, трэба браць крэдыт. Калі ўзяць два мільярды даляраў доўгу трэба вярнуць праз дзесяць гадоў ужо пяць. Таму што 15% гадавых на дзесяць гадоў, гэта 150%.

Далей, калі развіваць атамную энергетыку, то трэба яе спажываць. А каб спажываць столькі энергіі, трэба нарошчваць магутнасці. Потым ужо атамную электрастанцыю не спыніш, для гэтага патрэбныя дзясяткі, сотні мільёнаў даляраў, каб затушыць рэактар. І будаваць станцыю ў баку каля Вільні катэгарычна нельга, таму што вятры ідуць адтуль на Беларусь.

Тут шмат пытанняў. Але самае галоўнае — матывацыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Сёння Навалукомльская і іншыя ў нас працуюць на 50-60% магутнасці. Навошта нам яшчэ? Лепш замяніць на дзейных станцыях абсталяванне і ўдасканальваць яго. Бо пры будаўніцтве АЭС трэба будаваць інфраструктуру, горад — гэта ж велізарныя выдаткі.

АЭС — гэта не тое, што нам цяпер трэба. У нас няма цэхаў і металургічных заводаў, якія працуюць на электрычнасці з такімі магутнасцямі, таму ў нас няма ў гэтым неабходнасці.

Але самае галоўнае, у нас няма на гэта сродкаў, а вярнуць гэтыя сродкі мы можам, прадаючы электраэнергію, праз 30 гадоў. Навошта нам у кабалу ісці да французаў, немцаў, кітайцаў? Навошта нам квартал кітайскі ў Мінску? Атрымаць 10 млрд., а потым аддаць 30 млрд. (гэта два бюджэты гадавыя) і быць рабамі ў кітайцаў. Я ўжо не кажу пра тое, што 10 млн. кітайцаў сюды прыедуць, пабудуюць і ўсе застануцца. Што гэта будзе? Кітайска-беларуская рэспубліка? Паўстануць рэлігійныя, этнічныя, праблемы, яны пабудуюць тут свае царквы. Навошта нам гэта трэба?

Мы беларусы. Мы можам і самі ўсё пабудаваць. Але для таго, каб сябе забяспечыць, мы павінны мець забяспечаную нацыянальную валюту. А спосаб забеспячэння цяпер, у першую чаргу, — стабільнасці і акцыі ўласных эфектыўных прадпрыемстваў. Напрыклад, сёння калійны камбінат каштуе 30 млрд., або 50 млрд. з гэтай нагоды спрачаюцца). У нас даўгі па аблігацыях і зберажэннях максімум 10 млрд. даляраў. Ну аддайце вы 30% гэтых акцый камбіната, напрыклад. Гэта ж не 51%. Але дзяржава нічога не робіць, трымае акцыі ў сябе ў кішэні і не разлічваецца па даўгах з людзьмі. Гэта не ёсць правільна, гэта стратна, гэта нечалавечна.

— А ці лічыце Вы неабходным трансфармаваць у Беларусі дзяржаўны апарат? Ці варта рабіць выбарнымі кіраўнікоў рэгіёнаў?

— Мэры раёнаў і абласцей павінны прызначацца толькі са згоды больш за 50% мясцовага насельніцтва. Хто будзе прызначаць — прэзідэнт або ўрад — гэта іншае пытанне. Але яны павінны быць не выбраныя. Нельга абіраць. Мы не гатовыя да гэтага па культуры сваёй. Кіраўнікі рэгіёнаў павінны быць прызначаны, але з улікам меркавання насельніцтва. Калі больш за 50% супраць, то чыноўнік не павінен быць прызначаны.

— Што будзе з цяперашняй адміністрацыяй краіны пасля таго, як Вы станеце прэзідэнтам?

— Стаўшы кіраўніком дзяржавы, я адназначна буду дзейнічаць згодна з Канстытуцыяй Беларусі. Па Канстытуцыі ўрад выконвае свае абавязкі. З улікам адпрацоўкі сістэмы гаспадарчага кіравання, у тым ліку выканаўчай улады, будзе прызначаны прэм’ер-міністр. На гэта пойдзе прыкладна месяц. Пасля прызначэння прэм’ер-міністра, з улікам яго думкі будуць ужо прызначаныя міністры, члены ўрада.

Нельга адразу нешта рабіць, гэта няправільна, нелагічна. Прэм’ер-міністра нельга прызначыць нават з ліку сённяшніх кандыдатаў, дзейнага прэзідэнта або прэм’ер-міністра. На гэта трэба час. Гэтае пытанне трэба прапрацаваць — з улікам яго здольнасцяў, магчымасцяў і поглядаў на сельскую гаспадарку, грашова-крэдытную палітыку, узаемаадносіны, развіццё міністэрстваў і ведамстваў, выкананне дзяржаўных праграмаў, экалогію, мноства іншых пытанняў. Калі прэм’ер-міністр бачыць рашэнне гэтых пытанняў па-іншаму, яму не будзе прапанавана працаваць далей, бо патрэбна адзіная каманда.

Гэта вельмі важна. Проста прызначыць чалавека, таму што ён — дзейны член каманды, няправільна. І цяпер, нельга адназначна сказаць, хто гэта будзе — Сяргей Сікорскі (дзейны беларускі прэм’ер — Тэлеграф), Аляксандр Лукашэнка ці нехта яшчэ. Гэта тактычна і дыпламатычна няправільна. Трэба ведаць погляды чалавека, якія выяўляюцца толькі пры адкрытай гутарцы за круглым сталом.

— Віктар Іванавіч, раскажыце, калі ласка, як праходзіць Ваша кампанія ў рэгіёнах? Як там людзі ўспрымаюць Вашу праграму?

— Літаральна ўчора (9 снежня) я сустракаўся з жыхарамі Маладзечна. На сустрэчу прыйшлі, у асноўным, людзі сярэдняга ўзросту, было шмат пенсіянераў. Усё гэта — людзі, якія хочуць пераменаў, але не змены ўлады. Яны, як і я, хочуць мець стабільнасць нацыянальнай валюты, каб не працаваць на замежныя банкі.

На сустрэчы выбаршчыкі мне казалі наступнае: «Я хачу нармальнага мірнага неба. Я хачу, каб студэнты — мая дачка ці ўнучка не плацілі за адукацыю. Я хачу, каб дзеці, карыстаючыся тым, што я працую, і не плацілі за праезд. Увогуле, усё, што было ў свой час пры камунізме. Я хачу стабільнасці, я хачу, каб сістэма кіравання і прэзідэнт нас разумеў, а не быў адарваны, як сёння».

Сёння (10 снежня) я быў у Браславе, заўтра планую наведаць вёску Слабодка, у мясцовым сельскім савеце прыкладна 300 двароў. Ніхто не праводзіў сустрэчы ў вёсцы, а я хачу сустрэцца з простымі сялянамі, людзьмі, якія працуюць на зямлі, даведацца іх праблемы. Тут у асноўным жывуць каталікі (93% насельніцтва) — людзі высокай культуры, вельмі мірныя, але не абыякавыя да лёсу краіны. Яны хочуць жыць тут, не хочуць ехаць кудысьці ў Літву, яны хочуць стабільнасці тут. І я не заклікаў іх нікуды, на плошчу да рэвалюцыйных дзеянняў не запрашаў. Я не заклікаю ўсіх на плошчу, я кажу пра тое, што рэальна трэба рабіць — трэба проста стабільна кожнаму выконваць сваю працу.

— Вы загаварылі аб плошчы, хацелася б ведаць, ці каардынуеце Вы свае дзеянні па гэтым пытанні з іншымі кандыдатамі?

— Учора (9 снежня) мы сустракаліся. Пасля сустрэчы Уладзімір Някляеў (лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!», кандыдат у прэзідэнты — Тэлеграф) на нейкім сваім мітынгу заклікаў усіх кандыдатаў зняцца. Але такога абмеркавання на сустрэчы не было. Пытанне выбару адзінага таксама не абмяркоўвалася. Тое, што ён заяўляе ад нашага імя — няправільна. Я яму гэтых правоў не даваў. Уладзімір Някляеў не мае права выказвацца ад майго імя або ад імя іншых кандыдатаў.

— Ці правільна я разумею, што ідэю байкоту выбараў Вы не падтрымліваеце?

— Мы проста не разглядалі гэтае пытанне. Вось калі такое пытанне будзе стаяць на парадку, тады і будзем яго абмяркоўваць. Трэба дакладна глядзець матывы байкоту, улічваць думкі іншых кандыдатаў, выразныя тэрміны. Нельга тут секчы з пляча, за намі ж людзі. Трэба несці адказнасць за гэта. Гэта вельмі адказнае рашэнне, мы, кандыдаты, павінны гэта добра разумець.

— Віктар Іванавіч, дзякуй за тое, што ўлучылі нам гадзінку.

— Дзякуй Вам. Усяго добрага.

Гутарыла Алена Сцяпура.

Как вам новость?
Головоломки