Цярэшчанка паабяцаў умацаваць рубель

03.12.2010 10:53
Архив Редакция

Кандыдат у прэзідэнты Віктар Цярэшчанка 2 снежня ў другім тэлевыступленні падрабязна спыніўся на сваёй перадвыбарнай праграме і адказаў на шэраг пытанняў выбаршчыкаў. Віктар Цярэшчанка, эканаміст па адукацыі, апераваў дадзенымі, якія сведчаць аб неспрыяльным эканамічным становішчы Беларусі, і паабяцаў у выпадку яго абрання ўмацаваць нацыянальную валюту і павысіць беларусам заробкі.

Кандыдат у прэзідэнты патлумачыў, як ён плануе давесці курс рубля да даляра адзін да аднаго. Па словах Віктара Цярэшчанкі, у Беларусі грошай выпускаецца «шмат і бескантрольна», але пры выпуску іх кошт не забяспечваецца Нацыянальным банкам, і, як следства, яны абясцэньваюцца ў эканоміцы.

Цярэшчанка: беларусы працуюць не на сябе, а на сусветных банкіраў

«Наступствы гэтага наступныя: з улікам грашовых дэнамінацый за 16 гадоў беларускі рубель абясцэніўся да даляра ў чатыры тысячы разоў! Таму ў краіне людзі, прадпрыемствы, банкі купляюць і назапашваюць даляры і еўра. А ў гэты час гэтыя грошы таксама абясцэньваюцца. За тыя ж 16 гадоў даляр стаў танней да золата ў чатыры разы. Просты, але хітры механізм. Купляючы даляры, мы працуем не на сябе, а на сусветных банкіраў. І яны кіруюць гэтым працэсам ў свеце, у тым ліку і ў нас», — заявіў кандыдат у прэзідэнты.

У сувязі з гэтым кандыдат у прэзідэнты лічыць неабходным у першую чаргу забяспечыць незалежнасць Беларусі ад замежнай валюты. «Забяспечым нашы грошы нацыянальным здабыткам. А менавіта — акцыямі тых прадпрыемстваў, якія ўжо намецілі да нас і без нас да распродажу за даляры, але яшчэ не паспелі прадаць. Акцыі прадпрыемстваў (а не віртуальная валюта замежных дзяржаў і не золата, што змярцвляюць рэсурсы) стануць забеспячэннем нацыянальных грошай», — заявіў Віктар Цярэшчанка.

На думку кандыдата, акцыі эфектыўных прадпрыемстваў з’яўляюцца лепшымі актывамі, чым золата. Яны дазволяць на 100% забяспечыць новы рубель, зробяць яго свабодна канвертоўным, з пачатковым курсам у тры рублі за даляр.

Цярэшчанка прапанаваў прадаваць дзяржпакеты акцый грамадзянам

Віктар Цярэшчанка прапанаваў прадаваць дзяржаўныя пакеты акцый прадпрыемстваў іх працаўнікам, банкам, грамадзянам, а таксама іншаземцам, але выключна за беларускую валюту. Паводле слоў кандыдата, за кошт продажу акцый з абарачэння будуць адбірацца адпаведныя сумы грошай, а гэта таксама будзе павышаць курс рубля.

Акрамя эканамічных пераўтварэнняў у краіне Віктар Цярэшчанка прапанаваў правесці ў Беларусі таксама і адміністрацыйныя рэформы, каб забяспечыць «стварэнне эфектыўнай і незалежнай сістэмы правапрымянення ў краіне, моцнай і незалежнай судовай сістэмы, пракурорскага нагляду і дзяржаўнага кантролю». У ліку іншага кандыдат лічыць, што дзяржаўныя органы, іх кіраўнікі і службовыя асобы абавязаны несці адказнасць «за неналежнае выкананне іх функцый, парушэнне правоў грамадзян і юрыдычных асобаў».

Акрамя таго кандыдат у прэзідэнты прапанаваў адмяніць кантрактную форму найму працаўнікоў «у яе цяперашнім выглядзе», усталяваць права грамадзян і юрыдычных асобаў на зварот у Канстытуцыйны суд па судовую абарону сваіх законных правоў і інтарэсаў пры нязгодзе з судовым рашэннем Вярхоўнага або Вышэйшага гаспадарчага суду.

Цярэшчанка прапанаваў Сідорскаму пост в.а. прэм’ер-міністра

«Я буду персанальна несці поўную адказнасць перад народам за поспехі працы ўрада па рэалізацыі маёй праграмы. Гэта значыць пасля майго ўступлення на пасаду прэзідэнта прэм’ер-міністру (Сяргею Сідорскаму — Тэлеграф) будзе прапанаваны статус выканаўцы абавязкаў прэм’ер-міністра», — заявіў Віктар Цярэшчанка. Кандыдат таксама падкрэсліў, што калі не выканае сваіх абяцанняў, ён гатовы сысці з пасады прэзідэнта, абвясціўшы датэрміновыя выбары.

Віктар Цярэшчанка таксама заявіў, што мае намер працягнуць правядзенне сённяшняй палітыкі на вёсцы. Кандыдат таксама заявіў пра намер правесці спісанне з сельгасвытворцаў (у тым ліку фермераў) усіх даўгоў па падатках і штрафаў. Акрамя гэтага Віктар Цярэшчанка таксама паабяцаў падняць прэстыж навукі і інжынернай школы, падняць аплату працы навукоўцаў і навукова-педагагічных работнікаў, настаўнікаў, працаўнікоў культуры, мастацтва, дашкольных устаноў, медыцыны, адмяніць платную адукацыю, а таксама не павышаць пенсійны ўзрост і вярнуць ільготы пенсіянерам і студэнтам.

Как вам новость?