Цярэшчанка прадставіў сваю перадвыбарчую праграму

01.12.2010 14:54
Архив Редакция

Кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Віктар Цярэшчанка прадставіў сваю перадвыбарчую праграму. "Дзеля таго, каб надзеі кожнага на лепшае жыццё, добры дом, моцную сям'ю, дабрабыт дзяцей сталі рэальнасцю, я гадамі распрацоўваў гэтую Праграму, вывучаў айчынны і сусветны досвед. Знайдзіце час паглыбіцца ў мае прапановы", — адзначаецца ва ўступнай частцы праграмы.

На думку кандыдата ў прэзідэнты, у гэтых прапановах «ключ да дабрабыту краіны, сям’і і кожнага чалавека».

Праграма Віктара Цярэшчанкі — Праблемы краіны, іх прычыны і шляхі вырашэння

Што сёння трывожыць людзей? У першую чаргу — рост коштаў. За 16 гадоў з часу выбрання Прэзідэнта кошты на прадукты з улікам грашовых дэнамінацый выраслі ў тысячы разоў! Заробкі, пенсіі, стыпендыі, дапамогі адстаюць ад росту коштаў. І кожны разумее, што пасля выбараў рост коштаў пойдзе яшчэ хутчэй.

Чаму вырабляем больш, а маем менш? Куды ўсё дзяецца?

Рэч у тым, што наш рубель увесь час таннее. За 16 гадоў ён абясцэніўся да даляра ў 4 тысячы разоў! Таму ў краіне людзі, прадпрыемствы, банкі купляюць і назапашваюць даляры і еўра. Але і гэтыя грошы абясцэньваюцца. За тыя ж 16 гадоў даляр стаў таннейшы да золата ў 4 разы! Купляючы і захоўваючы валюту, мы працуем на сусветных банкіраў.

Наш рубель не валюта. Па-сутнасці, у краіне няма нацыянальных грошай.

Зніжаецца канкурэнтаздольнасць нашай прадукцыі. Нашы вытворцы бяруць крэдыты ў банках. У той час як замежныя канкурэнты даўно працуюць па іншай фінансавай схеме. Як акцыянерныя таварыствы, развіваюцца за кошт інвестыцый у абмен на акцыі.

Дырэктары і кіраўнікі вертыкалі! Пралічыць вашыя закрэдытаваныя бізнэс-планы па варыянце прамых інвестыцый. Вы пераканаецеся, што фінансавыя затратнасці нашых прадпрыемстваў у 2 разы вышэйшыя, чым у канкурэнтаў. Бо ўключаюць пагашэнне крэдытаў і «дзікія» працэнты. Канкурэнтныя цэны мы трымаем нізкай зарплатай працоўных.

Урад не бачыць уласных крыніцаў інвестыцый. Нашы банкі адны з самых дробных ў свеце. Нашы станкі, машыны, абсталяванне зношаныя. Але гэта не віна дырэктараў, банкіраў. Гэта вынік памылак у грашова-крэдытнай палітыцы краіны.

Грубая памылка і ў падатковай сістэме. Ва ўрадзе не разумеюць, што галоўны прынцып падатковай сістэмы канкурэнтаў — спачатку не перашкаджаць вытворцу выпусціць і прадаць прадукцыю, а ўжо потым — узяць падаткі з прыбытку.

У Беларусі падаткі ўключаюць у кошт прадукцыі, як выдаткі і надбаўкі да іх. Каб выканаць прагнозы, прадаем са стратамі. Страты маскіруюцца ў справаздачах пераацэнкамі маёмасці і «выдаткамі будучых перыядаў».

У краіне ідзе барацьба з бюракратызмам і карупцыяй. Але яны не знікаюць, як следства самой Сістэмы. У ёй кожны «князь»-чыноўнік прэзідэнцкай вертыкалі — яе закладнік і бяспраўны чалавек. Каб утрымацца, ён павінен дагаджаць свайму начальніку. Інакш не пракорміць сям’ю.

Дамагацца росту даходаў, прыбытку і легальнай зарплаты на нашых прадпрыемствах — нявыгадна. Усе матывацыі для наймітаў у такой сістэме — працаваць менш, але больш атрымліваць і не плаціць падаткі. Таму сістэма вымушана жорстка кантраляваць і прымушаць людзей працаваць.

Любога кіраўніка на любым прадпрыемстве заўсёды можна ў чымсьці абвінаваціць. Кантракт яго не абараняе. І суд не апраўдае. Бо суддзі таксама закладнікі Сістэмы. Іх прызначае і вызваляе галоўны «ўласнік краіны» — Прэзідэнт.

Сёння ўлада бачыць выратаванне ў прыцягненні замежнага капіталу. Гэта стратэгія адсталых дзяржаў, навязаная міжнародным капіталам, якія размяшчаюць экалагічна небяспечныя вытворчасці на чужых тэрыторыях. На такіх тэрыторыях народу адводзіцца роля толькі працоўнай сілы і канкурэнта мігрантам ў краіну. Калі Беларусь пойдзе па гэтым шляху, то мы атрымаем міжрэлігійныя і этнічныя праблемы, якія цяпер скалынаюць краіны Еўропы, ЗША і ўвесь свет.

Я прапаную:

1. Незалежнасць краіны ад замежнай валюты. Мы зможам самі даваць крэдыты і грашовыя інвестыцыі іншым краінам.

Тлумачу, як гэта зробім.

Забяспечым нашы грошы нацыянальным здабыткам. Увядзем рубель вольна-канвертоўным з пачатковым курсам 3 рублі за 1 даляр.

Адначасова з гэтым усе эканамічна абгрунтаваныя праекты нацыянальных прадпрыемстваў атрымаюць права на дзяржаўныя інвестыцыі за кошт продажу сваіх акцыяў дзяржаве. Такая схема фінансавання разам са змяненнем падаткаў і спрашчэннем уліку рэзка падвысіць канкурэнтаздольнасць тавараў, працы і паслуг.

Гэта актывізуе нашу эканоміку на нацыянальнай грашовай аснове. Экспарт стане прыбытковым. Акцыі прадпрыемстваў (а не віртуальная валюта замежных дзяржаў, і не золата, якія змярцвляюць рэсурсы), стануць забеспячэннем нацыянальных грошай. Акцыі эфектыўных прадпрыемстваў — гэта актывы лепшыя за золата!

Эканоміку краіны напоўніць моцная нацыянальная валюта. Беларускія банкі пачнуць хутка расці. Крэдыты будуць даступнымі для ўсіх, як у развітых краінах (2-3% гадавых). Прадаваць свае акцыі дзяржаве або крэдытавацца ў банках — гэта будзе свабодны выбар прадпрыемстваў і прадпрымальнікаў.

Кіраваць прадпрыемствамі ў краіне будзе не Прэзідэнт, а кампетэнтныя спецыялісты і дырэктары прадпрыемстваў, падкантрольныя сваім кіраўніцтву, працоўным калектывам і заканадаўству. Акцыі будуць прадавацца супрацоўнікам, банкам, грамадзянам, а таксама іншаземцам, але за нашу валюту.

Продажам акцый будуць адбірацца адпаведныя сумы грошай з абарачэння і павышацца курс рубля.

Такім чынам, за 5-7 гадоў, а то і раней, выйдзем да даляра — адзін да аднаго. Гэтым спынім рост коштаў. А заробкі, пенсіі, стыпендыі і дапамогі будуць расці ў нашай дзяржаўнай валюце. І дасягнуць еўрапейскага ўзроўню.

2. Асноўнай крыніцай для бюджэту стануць даходы ад дзяржінвестыцый.

Падаткі будуць выплочвацца, у асноўным, з прыбытку і стануць зніжацца.

Падаткі будуць выразна абгрунтаваныя. Іх ролю стане рэгулявальнай. Сама сістэма падаткаабкладання, а не льготы для абраных стануць стымуляваць вытворчасць.

3. Створым умовы высокіх матывацый ў вытворчасці. Мы адновім права працаўнікоў на ўдзел у даходах прадпрыемстваў. Кожны працаўнік — ад радавога да кіраўніка — зможа зарабляць акцыі прадпрыемства, якія будуць налічвацца ў дадатак да заробку. Развіваць вытворчасць, укладваць у яго назапашванні для кожнага працаўніка стане больш выгаднай, даходнай, чым захоўваць грошы дома або на банкаўскіх укладах. Пры жаданні, кожны член працоўнага калектыву, зможа і дадаткова набываць акцыі свайго прадпрыемства.

4. На вёсцы і ў сельскай гаспадарцы будзе працягнута палітыка дзяржавы. Больш за тое, будзе праведзена спісанне з сельгасвытворцаў (уключаючы фермераў) усіх даўгоў па падатках і штрафаў. Разавыя сістэму гарантаванага дзяржзаказу на сельгаспрадукцыю. У сяла «адкрыецца дыханне» для эфектыўнай працы ў новай падатковай сістэме, дзе выплаты будуць з прыбытку. Даходы на сяле будуць не ніжэйшыя за ўзровень даходаў гараджан.

5. Падымем прэстыж беларускай навукі і інжынернай школы, аплату працы навукоўцаў і навукова-педагагічных работнікаў, настаўнікаў, працаўнікоў культуры, мастацтва, дашкольных устаноў, лекараў і малодшага медперсаналу.

6. Адновім права індывідуальных прадпрымальнікаў па найме працаўнікоў з захаваннем заканадаўства аб працы.
Улічым Нацыянальную Платформу бізнэсу Беларусі і Канцэпцыю комплекснай мадэрнізацыі краіны, распрацаваныя Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва.

7. Мы не будзем павышаць пенсійны ўзрост. Але для жадаючых працаваць, дамо права выхаду на пенсію па іх жаданні пазней. Увядзем забарону звальняць працаўніка на пенсію без яго згоды. Гэта вялікі рэсурс для краіны! Працоўныя кантракты для працоўных і інжынерна-тэхнічных працаўнікоў будуць неадкладна адменены.

Усе гэтыя меры раскрыюць патэнцыял людзей і эканомікі. Мы разам, без страху, надрыву і гвалту, спакойна, з павагай адзін да аднаго, падымем вытворчасць і ўмацуем нашую дзяржаву.

Аздараўленне эканомікі дасць крыніцы для гарантаванага выканання ўсіх намечаных рашэнняў дзяржавы ў пытаннях росту зарплаты, пенсій, стыпендый, дапамог.

За кошт эканамічнага росту забяспечым рашэнне і новых задач у сацыяльнай сферы. У тым ліку дадаткова павысім выплаты адзінокім маці, шматдзетным, малазабяспечаным, інвалідам. Палепшым сістэму адрасных датацый сем’ям з нізкімі даходамі. Для моладзі — бясплатная першая вышэйшая і сярэдняя спецыяльная адукацыя. Іншагароднім студэнтам — інтэрнат або кампенсацыя за палову выдаткаў на арэнду пакоя. Кожнаму студэнту вочнай формы навучання — стыпендыя з улікам паспяховасці. Ільготны праезд у транспарце. Ільготны крэдыт для студэнтаў, якія стварылі сям’ю. Адменім плату за праезд дзецям і школьнікам у гарадскім транспарце… (Гл. поўны тэкст Праграмы).

Я гарантую стварэнне ў краіне эфектыўнай сістэмы правапрымянення і незалежнай судовай сістэмы, пракурорскага нагляду і дзяржкантролю. Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь і суддзяў ўсіх узроўняў будзе прызначаць заканадаўчы орган краіны — парламент, а не прэзідэнт. Рэалізуем «векавую мару беларусаў — людзьмi звацца!».

У міжнароднай палітыцы Беларусь будзе кіравацца мудрым прынцыпам «дакладнейшы кошт — мацнейшая дружба» і лозунгам «За моцную, стабільную і квітнеючую Беларусь у Саюзе з брацкай Расіяй, Украінай — сёння, заўтра і на стагоддзі!». Наладзім добрасуседскія адносіны з краінамі Еўрасаюза і іншымі краінамі.

У інтарэсах народа я гатовы да кампрамісаў. Калі вы выбераце Прэзідэнтам Аляксандра Лукашэнку, я прапаную яму гэтую праграму як стратэгію далейшага развіцця краіны. Але ці прыме ён яе? Не выключана, што пры захаванні яго сістэмы кіраўніцтва урад і кіраўнікі прадпрыемстваў апынуцца «хлопчыкамі для біцця» за правалы ў эканоміцы, а народ застанецца падманутым у надзеях.

Калі мы хочам пераменаў, то для гэтага павінны аб’яднаць намаганні.

Хто хоча дапамагчы краіне, давяраючы маёй праграме, калі ласка, данясіце яе сваім блізкім. Поўны тэкст размешчаны ў інтэрнэце: tereshchenko.org

Как вам новость?
Головоломки