ЦВК адмовіў ў правядзенні рэферэндуму па пошлінах на аўто

20.05.2010 14:36
Архив Редакция

Цэнтравыбаркам Беларусі адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па правядзенні рэферэндуму супраць павелічэння ўвазных мытных пошлінаў на аўтамабілі. "Збор ініцыятыўнай групы прайшоў ў адпаведнасці з заканадаўствам, аднак ЦВК атрымаў адмоўнае заключэнне вынасімым на рэферэндум пытанні з Генпракуратуры і міністэрства юстыцыі", — расказала член ЦВК Надзея Кісялёва.

«На думку гэтых дзяржорганаў, прапанаванае для вынясення на рэферэндум пытанне «не носіць выразнага і яснага характару, а адказы на яго могуць быць вытлумачаны па-рознаму», — цытуе БелаПАН словы Надзеі Кісялёвай.
Член Цэнтравыбаркаму агучыла і сваё меркаванне датычна дадзенай ініцыятывы. «Пытанне, якое выносіцца на рэферэндум, не мае яснай прававой перспектывы, — сказала Надзея Кісялёва. — Стаўкі пошлінаў замацаваны ў адзіным мытным тарыфе Беларусі, Казахстана і Расіі. Беларусь прызнае прыярытэт міжнароднага права перад нацыянальным. Гаворка ідзе не толькі пра пытанне дзяржаўнага жыцця, але і міждзяржаўных адносінаў».
У выніку рашэнне пра адмову ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Цэнтравыбаркам Беларусі прыняў 20 траўня адзінагалосна.
Як ужо раней паведамляў Тэлеграф, ініцыятарам правядзення аўтарэферэндуму выступіла партыя БНФ. 14 красавіка ПБНФ падала ў Цэнтравыбаркам дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па правядзенні рэферэндуму супраць павелічэння мытных пошлінаў на легкавыя аўтамабілі, што ўвозяцца ў Беларусь. «Адмова ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы будзе сведчыць пра нежаданне ўладаў абараняць інтарэсы насельніцтва», — сказаў старшыня ПБНФ Аляксей Янукевіч.
Калі заключэнне мінюста і рашэнне Цэнтравыбаркаму будуць станоўчымі і ініцыятыўную групу зарэгіструюць, то рэферэндум можа адбыцца ў чэрвені гэтага года, адзначылі ў партыі. 
Прадстаўнікі Партыі БНФ мяркуюць, што пагадненне пра стварэнне Мытнага саюза, падпісанае 27 лістапада ў Мінску кіраўнікамі Беларусі, Казахстана і Расіі, «ігнаруе інтарэсы значнай часткі грамадзянаў Беларусі, для якіх уступленне ў сілу падпісаных дакументаў пацягне пагаршэнне асабістага матэрыяльнага дабрабыту ў сувязі са значным падвышэннем мытных тарыфаў і, адпаведна, коштаў на важныя катэгорыі тавараў, у прыватнасці на легкавыя аўтамабілі».
Апазіцыянеры таксама ўпэўнены, што стварэнне Мытнага саюза ігнаруе інтарэсы беларускага малога і сярэдняга бізнэсу.

Как вам новость?
Головоломки