ЦВК адхіліў патрабаванне Кастусёва прызнаць выбары несапраўднымі

24.12.2010 16:54
Архив Редакция

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі 24 снежня не задаволіла патрабаванне былога кандыдата ў прэзідэнты Рыгора Кастусёва прызнаць незаконнымі прэзідэнцкія выбары па ўсёй краіне. Члены ЦВК прынялі гэтае рашэнне адзінагалосна. Па словах кіраўніка ЦВК Лідзіі Ярмошынай, для адхілення скаргі Рыгора Кастусёва былі ўсе падставы.

Разам з тым абгрунтаванне скаргі экс-кандыдата займае 38 старонак, дадатак да скаргі — яшчэ 363 старонкі. Рыгор Кастусёў у ліку іншага падаў у ЦВК скаргі незалежных назіральнікаў у выбарчыя камісіі рознага ўзроўню і пракуратуру, паведамляе БелаПАН.

Патрабаваць непрызнання вынікаў выбараў Рыгора Кастусёва, па яго прызнанні, заахвоцілі «шматлікія факты грубейшага парушэння нацыянальнага выбарчага заканадаўства і выкарыстання нябачанага адміністрацыйнага рэсурсу і бюджэтных сродкаў пры правядзенні выбараў, якія паўплывалі на іх вынікі ў цэлым па краіне».

У прадстаўленай у ЦВК заяве сярод асноўных парушэнняў беларускага заканадаўства, якія, па меркаванні заяўніка, даюць падставы не прызнаць вынікі выбараў, значацца захоп Аляксандрам Лукашэнкам дзяржаўнай улады і яе ўтрыманне неканстытуцыйным шляхам, незаконнасць ўдзелу Аляксандра Лукашэнкі ў прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, адсутнасць адкрытых і справядлівых выбараў у краіне, залежнасць выбарчых камісій ад дзяржорганаў, парушэнні ў ходзе рэгістрацыі ініцыятыўных груп, збору подпісаў і рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты, запалохванне кандыдатаў і выбаршчыкаў сілавымі структурамі ўлады, а таксама парушэнні падчас датэрміновых выбараў.

Член ЦВК Надзея Кісялёва патлумачыла адмову ў задавальненні патрабавання Рыгора Кастусёва тым, што выбары можна прызнаць несапраўднымі, калі памылкі і парушэнні паўплывалі на вынікі выбарчай кампаніі ў цэлым па краіне, чаго, на яе думку, даказана не было.

Как вам новость?