ЦВК апублікаваў звесткі аб даходах кандыдатаў

23.11.2010 12:45
Архив Редакция

Цэнтрвыбаркам Беларусі апублікаваў інфармацыю аб даходах кандыдатаў у прэзідэнты і членаў іх сем'яў за 2009 год, а таксама звесткі аб маёмасці, што знаходзіцца ў іх уласнасці. Самым багатым аказаўся дзейны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, у той час як у лідара кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэя Саннікава і эканаміста Віктара Цярэшчанкі задэклараваных даходаў ў 2009 годзе наогул не было.

Так, паводле інфармацыі Цэнтральнай выбарчай камісіі, даходы намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва склалі 206,4 тыс. расійскіх рублёў (20,1 млн. беларускіх рублёў). Даходы яго жонкі Ларысы склалі 1,8 млн. рублёў. Кандыдат у прэзідэнты мае ва ўласнасці жылы дом у вёсцы Цехцін Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці агульнай плошчай 67,1 квадратнага метра. Ва ўласнасці яго жонкі знаходзяцца дзве кватэры ў Магілёве агульнай плошчай 52 і 31 квадратны метр. Акрамя таго, у іх ёсць агульная ўласнасць — гараж і легкавы аўтамабіль Lancia ZETA 1997 года выпуску, а таксама 58 і 87 чэкаў «Маёмасць».

Паводле прадстаўленай у ЦВК дэкларацыі аб даходах, у 2009 годзе Аляксандр Лукашэнка зарабіў каля 94,5 млн. рублёў. Даходы яго жонкі Галіны склалі крыху менш 16 млн. рублёў. У дзейнага прэзідэнта няма ва ўласнасці ні нерухомасці, ні каштоўных папер. У сваю чаргу яго жонка валодае жылым домам у Шклове агульнай плошчай 174 квадратныя метры. У яе таксама ёсць палова долі ў праве ўласнасці на жылы дом у вёсцы Вялікі Мяжнік Шклоўскага раёна агульнай плошчай 53,8 квадратнага метра. У яе ўласнасці таксама знаходзіцца 56 акцый ААТ «масларобны завод».

Кіраўнік саюза «За мадэрнізацыю» Алесь Міхалевіч задэклараваў свой даход у памеры 75,3 млн. рублёў. Даходы яго жонкі Міланы склалі 8,3 млн. рублёў. Муж і жонка сумесна валодаюць паловай долі ў кватэры ў Мінску агульнай плошчай 42,8 квадратныя метры, легкавым аўтамабілем Skoda Felicia Combi 2000 года, а таксама 100% статутнага фонду прыватнага ўнітарнага прадпрыемства па аказанні паслуг «Агенцтва перакладаў і юрыдычных паслуг Міхалевіча». Ва ўласнасці жонкі кандыдата ў прэзідэнты таксама знаходзіцца кватэра ў Мінску агульнай плошчай 37,1 квадратнага метра і адна чацвертая долі кватэры агульнай плошчай 42,8 квадратнага метра.

Даходы лідара грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміра Някляева паводле дэкларацыі склалі больш за 22,6 млн. рублёў і 250 еўра (953,7 тыс. рублёў). Яго жонка Вольга ў 2009 годзе даходаў не мела. У агульнай сумеснай уласнасці сужэнцаў знаходзіцца кватэра ў Мінску агульнай плошчай 98,6 квадратнага метра і легкавы аўтамабіль Fiat Brava 1997 года выпуску. Акрамя таго жонка кандыдата валодае кватэрай у Мінску агульнай плошчай 48,4 квадратнага метра. Уладзімір Някляеў таксама мае ва ўласнасці 138 простых акцый ААТ «Прыёрбанк», 74 прывілеяваныя акцыі ААТ «Беларускі банк развіцця і рэканструкцыі «Белінвестбанк» і 20 простых акцый ААТ «Парытэтбанк».

Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук задэклараваў даход у памеры 6,9 млн. рублёў. У яго ўласнасці знаходзяцца кватэра ў Мінску агульнай плошчай 60,8 квадратнага метра, а таксама 3280 простых імянных акцый ААТ «Прыёрбанк».

Даходы сустаршыні аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталя Рымашэўскага ў 2009 годзе склалі каля 14,5 млн. рублёў. Яго жонка Настасся зарабіла ў 2009 годзе каля 7,2 млн. рублёў, яна валодае кватэрай у Мінску агульнай плошчай 33,2 квадратнага метра. У сумеснай уласнасці сужэнцаў знаходзіцца палова жылога дома ў Заслаўі ў Мінскай вобласці плошчай 11,2 квадратнага метра, а таксама легкавы аўтамабіль Mitsubishi Space Wagon 1998 года выпуску.

Нягледзячы на тое, што ў 2009 годзе лідар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў прыбыткаў не меў, у яго ўласнасці знаходзіцца жылы дом у вёсцы Мажніца Барысаўскага раёна Мінскай вобласці агульнай плошчай 67,2 квадратнага метра, кватэра ў Мінску агульнай плошчай 44,3 квадратнага метра, гараж у Мінску, аўтамабіль Opel Vectra 1996 года выпуску і 72 чэкі «Маёмасць». Яго жонка Ірына Халіп зарабіла 573 тыс. расійскіх рублёў (55,8 млн. рублёў), у яе уласнасці знаходзіцца кватэра ў Мінску агульнай плошчай 107,9 квадратнага метра. У сумеснай уласнасці сужэнцаў знаходзіцца легкавы аўтамабіль Toyota Camry 2005 года выпуску.

Лідір аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч ўказаў у дэкларацыі даходы ў памеры 8,1 млн. рублёў і 71 чэк «Маёмасць».

Эканаміст Віктар Цярэшчанка, як і яго жонка Наталля, даходаў у 2009 годзе не меў. Разам з тым, ва ўласнасці кандыдата ў прэзідэнты знаходзіцца кватэра ў Мінску агульнай плошчай 80,3 квадратнага метра, 75 чэкаў «Маёмасць» і 340 чэкаў «Жыллё», а таксама долі ў статутных фондах арганізацый з Чэхіі і Польшчы. Жонка валодае домам і зямельным участкам у 0,25 гектара ў вёсцы Вусце Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці агульнай плошчай 96,7 квадратнага метра. У яе уласнасці таксама знаходзіцца 42,6% долі ў статутным фондзе Беларуска-амерыканскага сумеснага прадпрыемства ТАА «Этыка». У сумеснай уласнасці сужэнцаў ёсць легкавы аўтамабіль Dodge Caravan 2008 года выпуску.
 
Дырэктар ТДА «Трывіум» Дзмітры Ус ў 2009 годзе зарабіў 38,7 млн. рублёў, яго жонка Яўгенія — каля 5,7 млн. рублёў. Ва ўласнасці кандыдата знаходзяцца жылыя дамы ў Мінску агульнай плошчай 368,7 і 467,6 квадратнага метра, сем восьмых долі ўласнасці ў праве на жылы дом агульнай плошчай 47,9 квадратнага метра ў вёсцы Сімоны Мядзельскага раёна Мінскай вобласці, кватэра ў Мінску агульнай плошчай 89,2 квадратнага метра, а таксама два зямельных ўчасткі ў Мінску па 0,06 гектара. Акрамя таго, Дзмітры Ус валодае легкавым аўтамабілем Toyota Corolla 2007 года выпуску і 76% долі ў статутным фондзе ТДА «Трывіум».

Как вам новость?
Головоломки