ЦВК атрымаў першую заяўку на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы

16.09.2010 14:17
Архив Редакция

Першая заяўка на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы паступіла ў Цэнтральную выбарчую камісію ад эканаміста Віктара Цярэшчанкі. Па словах самога прэтэндэнта на прэзідэнцкі пост, у яго ініцыятыўную групу ўваходзяць прадстаўнікі розных палітычных партый, і яны гатовыя сабраць неабходныя 100 тыс. подпісаў.

Віктар Цярэшчанка пакуль не кажа пра свае шанцы ў цяперашняй прэзідэнцкай кампаніі. «Цяпер галоўнае — сабраць 100 тыс. подпісаў і быць зарэгістраваным кандыдатам у прэзідэнты», — растлумачыў эканаміст.

Разам з тым, Віктар Цярэшчанка лічыць няправільным гаварыць аб суперніцтве з іншымі прэтэндэнтамі на пасаду прэзідэнта, перадае БелаПАН. «У нас не павінна быць суперніцтва. Наша задача — сабраць подпісы. А больш за два кандыдаты ў прэзідэнты зарэгістравана наўрад ці будзе», — лічыць прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта.

Як раней перадаваў Тэлеграф, старшыня рады Асацыяцыі малога і сярэдняга бізнэсу Віктар Цярэшчанка заявіў пра сваё жаданне вылучыць сваю кандыдатуру на прэзідэнцкі пост у пачатку верасня. Прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі пазіцыянуе сябе як «нерадыкальны апазіцыянер».

Усе прэтэндэнты на прэзідэнцкі пост павінны падаць дакументы для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы да 24 верасня. Акрамя таго, як паведаміла 15 верасня старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, спісы членаў ініцыятыўных груп неабходна падаць у ЦВК не толькі ў папяровым, але і ў электронным выглядзе.

Как вам новость?