ЦВК дазволіць галасаваць на выбарах без пашпарта

15.04.2010 10:19
Архив Редакция

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік паведаміў пра тое, што ЦВК дазволіць выбаршчыкам галасаваць на выбарах 25 красавіка як па пашпарце, так і па іншых дакументах, якія пацвярджаюць асобу. Па словах прадстаўніка ЦВК, адпаведнае рашэнне Цэнтравыбаркам плануе прыняць на паседжанні 15 красавіка, падчас якога будзе агучаны пэўны пералік такіх дакументаў.

«Гэта рашэнне прынята ў сувязі з тым, што выбарчыя камісіі часта сутыкаюцца з сітуацыямі, калі грамадзяне, якія хочуць прагаласаваць і прыйшлі на ўчастак, па аб’ектыўных прычынах не могуць падаць пашпарт», — растлумачыў сакратар Цэнтравыбаркаму, паведамляе БелТА.

Па словах Мікалая Лазавіка, на бліжэйшым паседжанні чальцы ЦВК таксама разгледзяць заяву пра рэгістрацыю ініцыятыўнай групы, якая збіраецца выступіць з заканадаўчай ініцыятывай пра прыняцце ў Беларусі новага законапраекта «Пра ахвяр нацысцкіх пераследаў».

«Група грамадзян лічыць неабходным па-іншаму сфармуляваць некаторыя нормы заканадаўства, якія рэгламентуюць сацыяльную абарону вязняў, — растлумачыў сакратар Цэнтравыбаркаму. — Яны падрыхтавалі праект закона. Для занясення яго на разгляд у Палату прадстаўнікоў існуе вызначаная працэдура. Адзін з першых крокаў — рэгістрацыя ініцыятыўнай групы».

Мікалай Лазавік таксама дадаў, што ў выпадку рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, яе ўдзельнікі пачнуць збіраць подпісы ў падтрымку рашэння пра занясенне законапраекта ў парламент, а таксама будуць весці тлумачальную працу.

Акрамя таго, чальцы Цэнтравыбаркаму абмяркуюць парадак дзейнасці замежных назіральнікаў на бліжэйшых выбарах, паінфармаваў прадстаўнік Цэнтравыбаркаму. «Па меры набліжэння даты выбараў колькасць замежных дыпламатаў, ахвочых прыняць удзел у назіранні за імі, паступова ўзрастае», — распавёў Мікалай Лазавік.

Сакратар ЦВК паведаміў, што цяпер на разглядзе ў Цэнтравыбаркаме знаходзяцца заяўкі ад 50 дыпламатаў, якія прадстаўляюць 24 дзяржавы. «Мы разлічваем выдаць ім пасведчанні назіральнікаў за некалькі дзён да выбараў», — рэзюмаваў Мікалай Лазавік.

Как вам новость?
Головоломки