ЦВК: дзесяць прэтэндэнтаў пераадолелі стотысячны бар'ер

09.11.2010 14:53
Архив Редакция

Дзесяць прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі змаглі сабраць неабходныя для рэгістрацыі кандыдатамі 100 тыс. подпісаў. Пра гэта 9 лістапада заявіў сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік. З 11 чалавек, якія заяўлялі аб зборы неабходнай колькасці подпісаў, не змог пераадолець мяжу толькі найлепшы індывідуальны прадпрымальнік 2009 года ў сферы аказання паслуг Уладзімір Правальскі.

Такім чынам, па выніках праверкі сабраных подпісаў за пасаду кіраўніка дзяржавы працягваюць змагацца намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, дзейны прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік саюза «За мадэрнізацыю» Алесь Міхалевіч, лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, лідар кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, лідар аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалай Статкевіч, эканаміст Віктар Цярэшчанка, дырэктар ТДА «Трывіум» Дзмітры Ус, перадае БелаПАН.

«Выказванні некаторых аналітыкаў, якія меркавалі, што Цэнтрвыбаркам будзе «зразаць» прэтэндэнтаў, не пацвердзіліся. Мы нікога «не зрэзалі», а толькі сачылі за падзеямі, што адбываюцца», — адзначыў Мікалай Лазавік.

ЦВК зарэгістраваў памылкі ва ўсіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта

Як паведаміў сакратар ЦВК, памылкі прысутнічалі ў падпісных лістах ўсіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. «Але па колькасці прызнаных несапраўднымі подпісаў нельга казаць аб якасці іх збору ініцыятыўнымі групамі. Калі подпісаў было здадзена шмат, то і правяралася іх больш і наадварот», — паведаміў ён.

Паводле яго слоў, падыход да праверкі подпісаў быў цалкам заснаваны на патрабаваннях выбарчага заканадаўства, але адрозніваўся лібералізмам і паблажлівасцю да прэтэндэнтаў. «Любы сумнеў трактаваўся на іх карысць», — падкрэсліў Мікалай Лазавік, адзначыўшы, што праверка подпісаў вылучалася «звышлібералізмам».

Дакладную колькасць сапраўдных подпісаў абвесцяць толькі праз пяць дзён пасля зацвярджэння дадзеных па абласцях і Мінску. Рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты будзе праходзіць з 14 па 23 лістапада ўключна. Выбары павінны адбыцца 19 снежня.

Як раней паведамляў Тэлеграф, толькі 11 патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі змаглі сабраць і перадаць у Цэнтрвыбаркам больш за 100 тыс. подпісаў, паведаміў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік. Адмовіліся ад барацьбы за прэзідэнцкі пост Сяргей Гайдукевіч, Юры Глушакоў, Іван Кулікоў, Сяргей Іваноў, Сяргей Рыжоў і Пётр Барысаў.

Как вам новость?