ЦВК: кандыдатамі ў дэпутаты Мінгарсавета ад партый сталі 513 чалавек

27.03.2010 11:49
Архив Редакция

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік паведаміў пра тое, што 513 прадстаўнікоў партый зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты Мінскага гарадскога савета. "Сярод агульнай колькасці зарэгістраваных кандыдатаў 240 чалавек з'яўляюцца прадстаўнікамі апазіцыйных партый", — распавёў сакратар ЦВК.

Па словах Мікалая Лазавіка, было зарэгістравана 99 прадстаўнікоў Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» са 126 вылучэнцаў, 77 прадстаўнікоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі (з 94), 33 — Партыі БНФ (з 35), 29 — Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) (з 32), два — Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады з двух вылучэнцаў, паведамляе БелаПАН.

«Таксама кандыдатамі ў дэпутаты сталі 199 прадстаўнікоў Камуністычнай партыі Беларусі, 48 — Ліберальна-дэмакратычнай партыі, 15 — Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, сем — Беларускай аграрнай партыі, два — Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі, па адным ад Рэспубліканскай партыі і Беларускай патрыятычнай партыі», — распавёў сакратар Цэнтравыбаркаму.

Мікалай Лазавік таксама паведаміў, што ў цяперашнім годзе кандыдатамі ў дэпутаты зарэгістравана ў тры разы больш прадстаўнікоў палітычных партый у параўнанні з папярэднімі выбарамі ў мясцовыя саветы. «Акрамя таго, калі на мінулых выбарах кандыдаты ў дэпутаты прадстаўлялі сем палітычных партый, дык сёлета — 12», — сказаў прадстаўнік ЦВК, дадаўшы, што працэнт адсеву партыйных прэтэндэнтаў быў вельмі нізкі.

Лазавік: 318 прэтэндэнтам у кандыдаты адмовілі ў рэгістрацыі

Па словах сакратара Цэнтравыбаркаму, змены ў выбарчае заканадаўства «зрабілі працэс рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты больш ліберальным». «318 прэтэндэнтам было адмоўлена ў рэгістрацыі, яшчэ 122 чалавекі адклікалі свае дакументы. Такім чынам, адсеў склаў менш за 1%», — распавёў Мікалай Лазавік, паведамляе сайт АГП.

Па дадзеных прадстаўніка ЦВК, 15,664 тыс. кандыдаты ў дэпутаты вылучаліся шляхам збору подпісаў, 9,565 тыс. — працоўнымі калектывамі, 513 — палітычнымі партыямі. «45,2% кандыдатаў у дэпутаты — жанчыны, 6,2% — маладыя людзі да 30 гадоў, 46,3% — дэпутаты папярэдняга склікання, 26 чалавек — грамадзяне Расіі», — паінфармаваў Мікалай Лазавік.

Как вам новость?
Головоломки