ЦВК: кандыдаты павінны прадставіць электронны спіс ініцыятыўных груп

15.09.2010 14:48
Архив Редакция

Да 24 верасня прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта Беларусі павінны прадставіць у Цэнтральную выбарчую камісію спісы членаў ініцыятыўных груп не толькі ў папяровым, але і ў электронным выглядзе. Пра гэта сёння, 15 верасня, паведаміла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, каментуючы асаблівасці прымянення ч.2 арт.61 Выбарчага кодэксу Беларусі.

Па словах Лідзіі Ярмошынай, ЦВК распрацавала пастанову з тлумачэннямі прымянення ч.2 арт.61 ВК Беларусі «для самых неспрактыкаваных кандыдатаў у прэзідэнты». «Гэта кароткая пастанова, якая заўтра будзе апублікавана ў газетах «Савецкая Беларусь» і «Народная газета» дазволіць кандыдату запомніць самае галоўнае. Перш за ўсё, ужо сёння кандыдат, паглядзеўшы каляндарны план выбараў, можа даведацца, што крайні тэрмін падачы дакументаў для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы — 24 верасня», — сказала Лідзія Ярмошына.

Пры падачы заявы абавязкова прад’яўляецца пашпарт. «Таму што пашпарт дазваляе ўжо на першым этапе выявіць, што асоба з’яўляецца грамадзянінам Беларусі і пражывае на яе тэрыторыі больш за 10 гадоў. Гэта абавязковыя ўмовы для рэгістрацыі ў якасці кандыдата»,- адзначыла кіраўніца Цэнтрвыбаркама.

«Але самым важным з’яўляецца пункт 2, які ўказвае, што акрамя папяровага, патэнцыйны кандыдат павінен прадаставіць электронны спіс членаў ініцыятыўнай групы. Гэта трэба для таго, каб з дапамогай спецыяльнай праграмы мы вырабілі пасведчанні», — падкрэсліла старшыня ЦВК.

«Калі мы былі маладыя і неспрактыкаваныя мы доўгімі начамі, прыцягваючы членаў сем’яў, запаўнялі пасведчанні ўручную. Бо ў нас вельмі кароткія тэрміны, толькі пяць дзён. Дзякуючы электронным спісам, мы гэта зможам зрабіць сучасным спосабам», — патлумачыла Лідзія Ярмошына.

Лазавік: кандыдаты могуць ужо сёння падаваць дакументы

Па словах сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, пастанова вызначае скрайнюю дату падачы дакументаў для рэгістрацыі ініцыятыўных групаў. «Пры гэтым многіх цікавіць пытанне, калі ж першы дзень падачы дакументаў. Для гэтага трэба звярнуцца да пастановы палаты прадстаўнікоў, якая ўступае ў сілу з дня яе апублікавання ў афіцыйным выданні. Калі яна сёння апублікаваная, значыць, ужо з сённяшняга дня прэтэндэнты могуць падаваць дакументы», — сказаў Мікалай Лазавік.

«Але, як правіла, палітыкі не спяшаюцца гэта рабіць. Імкнуцца пазней падаць дакументы для таго, каб больш дбайна выверыць іх, каб ЦВК менш магло знайсці адступленняў ад патрабаванняў заканадаўства. Тым не менш, прэтэндэнты маюць права падаваць дакументы з моманту афіцыйнага старту выбарчай кампаніі», — дадаў Мікалай Лазавік.

Ярмошына: спісы членаў ініцыятыўных груп апублікуюць на сайце ЦВК

Каб павысіць галоснасць выбарчага працэсу, ЦВК размесціць у сябе на сайце ўсе спісы членаў ініцыятыўных групаў. «У той жа час мы павінны абараняць прыватнае жыццё грамадзян, таму адтуль будуць выключаныя адрасы, будзе паказаны толькі рэгіён пражывання. Такім чынам, з гэтымі спісамі змогуць азнаёміцца ўсе ахвотныя, напрыклад, выбаршчыкі, да якіх завітала тая ці іншая асоба», — паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама.

Как вам новость?