ЦВК: мінімальны конкурс у мясцовыя выбаркамы — 1,3 чалавекі на месца

28.09.2010 14:58
Архив Редакция

Калі тэрытарыяльныя камісіі па выбарах прэзідэнта Беларусі будуць створаны ў максімальным складзе (па 13 чалавек), мінімальны конкурс там складзе 1,3 чалавека на месца. Пра гэта паведаміла 28 верасня старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына. "Калі склад камісій будзе меншы, то конкурс павялічыцца", — дадала кіраўнік ЦВК.

Паводле інфармацыі ЦВК, на месцы ў выбарчых камісіях прэтэндуе больш за 2,6 тыс. чалавек. Калі параўноўваць з выбарамі 2006 года, колькасць жадаючых павялічылася прыкладна на 400 чалавек, перадае БелТА.

У ліку прэтэндэнтаў на ўдзел у працы выбарчых камісій больш за 1,1 тыс. чалавек (або 43,9%) з’яўляюцца членамі грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый. Лідзія Ярмошына адзначыла, што на ўдзел у працы Мінскай гарадской выбарчай камісіі падалі заявы выключна прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый. Іншымі словамі, гэтая камісія будзе складацца толькі з прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці.

Па словах старшыні ЦВК, удзел у працэсе фармавання камісій прынялі 10 з 15 партый, зарэгістраваных у Беларусі. У ліку прэтэндэнтаў на ўключэнне ў склад тэрытарыяльных камісій 70 прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый. Больш за палову прэтэндэнтаў складаюць члены Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», 24 чалавекі ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, сем — ад Партыі БНФ, тры — ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада».

Грамадскія аб’яднанні вылучылі ў склад выбарчых камісій 986 сваіх прадстаўнікоў. Найбольш актыўна выступілі прафсаюзы (269 чалавек), «Белая Русь» (151 чалавек) і Беларускі саюз моладзі (142 чалавекі).

Усяго па краіне будзе сфармавана 155 тэрытарыяльных камісій (у тым ліку 118 раённых, шэсць абласных, шэсць гарадскіх у гарадах абласнога падпарадкавання і 24 раённых у гарадах). У параўнанні з выбарамі 2006 года, тэрытарыяльных камісій стала на дзесяць менш. Гэта выклікана тым, што ўлады вырашылі не ствараць гарадскія камісіі ў гарадах, дзе ёсць раённае аддзяленне і дзе будуць працаваць раённыя камісіі.

Фармаваць склад камісій будуць мясцовыя органы ўлады. Скрайні тэрмін для ўтварэння тэрытарыяльных камісій — 29 верасня.

Как вам новость?
Головоломки