ЦВК: інаўгурацыя новага прэзідэнта адбудзецца ў студзені

23.11.2010 18:39
Архив Редакция

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына 23 лістапада паведаміла, што інаўгурацыя новаабранага прэзідэнта адбудзецца, хутчэй за ўсё, у студзені 2010 года. Па словах кіраўніка ЦВК, канчатковы вынік выбараў Цэнтрвыбаркам падвядзе толькі да 25 снежня. Разам з тым Лідзія Ярмошына падкрэсліла, што якой-небудзь спецыяльнай падрыхтоўкі для цырымоніі інаўгурацыі ў Беларусі не патрабуецца.

Лідзія Ярмошына таксама паведаміла, што ў Беларусі так званага дня цішыні, які праводзіцца на выбарах у некаторых краінах, напярэдадні дня галасавання не будзе. Кандыдаты змогуць праводзіць агітацыю да 24:00 18 снежня. «Больш за тое, уся агітацыя, якая вывешаная па-за месцамі галасавання, захоўваецца на сваіх месцах і ў дзень выбараў», — падкрэсліла Лідзія Ярмошына.

Лідзія Ярмошына таксама праінфармавала, што ўсе арганізацыі, акрэдытаваныя ў адмысловай камісіі пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, змогуць у дзень галасавання праводзіць exit-polls.

ЦВК: exit-polls будзе праводзіць не менш за пяць арганізацый

«Звычайна працуюць тры-чатыры арганізацыі. Да нас ужо звярнуўся цэнтр EcooM. Гэта арганізацыя, якая апошнія некалькі гадоў пастаянна супрацоўнічае з Цэнтральнай выбарчай камісіяй і з’яўляецца афіцыйным партнёрам ЦВК. Акрамя таго, я ведаю, што ліцэнзію атрымлівае і цалкам магчыма атрымае сацыялагічная група ад Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Плюс да ўсяго, ёсць шэраг расійскіх сацыялагічных службаў, якія таксама будуць працаваць. Павінны прыехаць з Украіны. Так што экзіт-пулы будуць ажыццяўляць не менш за пяць арганізацый нашых і замежных», — паведаміла Лідзія Ярмошына.

Кіраўніца ЦВК перакананая, што апытанні гэтых арганізацый «даюць толькі праўдзівую і дакладную тэндэнцыю», але не самі вынікі галасавання. «Мы можам разважаць як звычайныя грамадзяне, але гэта будуць ўсяго толькі нашы асабістыя развагі, а гэта ўсё-ткі апытанне нейкай пэўнай колькасці грамадзян», — растлумачыла Лідзія Ярмошына.

«Разам з тым, гэтую тэндэнцыю мы можам атрымаць ужо ў сярэдзіне дня, 19 снежня, калі ў нас падлічыць, і гэта самыя дакладныя звесткі, участкі для галасавання, утвораныя ў воінскіх часцях, санаторыях і лякарнях. Так званыя ўчасткі з закрытымі спісамі выбаршчыкаў. Як толькі прагаласавалі ўсе выбаршчыкі, уключаныя ў спіс, можна падлічваць. Гадзіны да 12 дня ўжо будзе ясная карціна. І калі тэрыторыя вайсковай часткі не вельмі паказальная ў гэтым плане, то бальнічныя ўчасткі прадстаўляюць усе пласты насельніцтва», — адзначыла старшыня ЦВК.

ЦВК: атрымаць бюлетэнь можна будзе не толькі па пашпарце

Акрамя таго, Лідзія Ярмошына паведаміла, што 30 лістапада на пасяджэнні ЦВК плануе прыняць пастанову, якая будзе рэгуляваць парадак прад’яўлення дакументаў падчас галасавання. У ліку іншага плануецца пашырыць спіс дакументаў, якія можна прад’явіць для атрымання бюлетэня. Па словах кіраўніка ЦВК, у любым выпадку абумоўленыя дакументы павінны будуць уключаць фатаграфію і быць дакументамі дзяржаўных органаў, перадае БелТА.

«Дадатковыя дакументы дазволена прад’яўляць толькі тады, калі выбаршчык знаходзіцца ў спісе выбаршчыкаў, гэта значыць яму не трэба даказваць права на ўдзел у выбарах. Калі ж выбаршчыка няма ў спісе выбаршчыкаў, і ён прад’яўляе студэнцкі білет, то яму не дадуць прагаласаваць, паколькі няма доказу таго, што ён наогул з’яўляецца грамадзянінам Беларусі. Для гэтага, як вядома, патрэбен пашпарт», — растлумачыла Лідзія Ярмошына.

Как вам новость?