ЦВК: назіральнікі ад СНД за выбарамі пачнуць працаваць у найбліжэйшыя дні

20.09.2010 15:09
Архив Редакция

Назіральнікі ад СНД за выбарамі прэзідэнта ў найбліжэйшыя дні пачнуць працаваць у Беларусі. Пра гэта 20 верасня паведаміла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына. Па словах кіраўніка Цэнтрвыбаркама, прадстаўнікі СНД ужо звязаліся з ЦВК Беларусі і папрасілі выслаць ім форму анкет для назіральнікаў.

Лідзія Ярмошына паведаміла, што прадстаўнікі СНД выказалі гатоўнасць у найбліжэйшыя дні накіраваць у Беларусь для ажыццяўлення доўгатэрміновага назірання за прэзідэнцкімі выбарамі пецярых чалавек, перадае БелТА.

Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ), куды ЦВК таксама накіраваў афіцыйныя запрашэнні, пакуль не ўступала ў афіцыйную перапіску з Беларуссю, паведаміла Лідзія Ярмошына.

Адносна мясцовага назірання за выбарамі, старшыня ЦВК распавяла, што Беларускі Хельсінкскі камітэт ужо накіраваў свайго прадстаўніка для прысутнасці на пасяджэннях Цэнтрвыбаркама. Астатнія палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі такой магчымасцю пакуль не скарысталіся. Лідзія Ярмошына выказала здагадку, што яны могуць накіраваць сваіх прадстаўнікоў у якасці назіральнікаў пасля вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты.

ЦВК: кандыдаты змогуць прызначыць члена ЦВК з правам дарадчага голасу

Акрамя таго, кіраўнік ЦВК адзначыла, што ў адпаведнасці з папраўкамі ў выбарчае заканадаўства Беларусі ў кандыдатаў у прэзідэнты ўпершыню з’явіцца магчымасць прызначыць члена ЦВК з правам дарадчага голасу. Пры гэтым Лідзія Ярмошына падкрэсліла, што гэтым правам змогуць скарыстацца толькі кандыдаты пасля афіцыйнай рэгістрацыі. Такім чынам інстытут прызначэння членаў ЦВК запрацуе толькі за месяц да выбараў прэзідэнта.

Разам з тым, Лідзія Ярмошына адзначыла, што патэнцыйныя кандыдаты не спяшаюцца з падачай заяў аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп. «Цяпер ідзе праца над фармаваннем спісаў ініцыятыўных груп. Патэнцыйных кандыдатаў нічога не прымушае быць першымі, тым больш што збіраць подпісы яны змогуць не раней як 30 верасня», — дадала старшыня ЦВК.

Як раней перадаваў Тэлеграф, Лідзія Ярмошына чакае наплыву заяў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп у апошнія дні, перад 24 верасня.

Как вам новость?
Головоломки