ЦВК не будзе прасіць за затрыманых экс-кандыдатаў у прэзідэнты

24.12.2010 16:24
Архив Редакция

Цэнтрвыбаркам Беларусі не збіраецца заступацца за былых кандыдатаў у прэзідэнты, якія знаходзяцца пад арыштам у выніку затрымання 19 снежня, і не будзе прасіць аб змене меры стрымання для іх. Аб гэтым заявіла на пасяджэнні ЦВК 24 снежня старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына.

Напісаць зварот ад імя ЦВК у міліцыю з просьбай змяніць для затрыманых экс-кандыдатаў у прэзідэнты меру стрымання прапанавалі некаторыя члены Цэнтрвыбаркама, якія маюць права дарадчага голасу, паведамляе БелТА. Аднак Лідзія Ярмошына лічыць, што ім нельга дараваць правядзенне дэманстрацыі 19 снежня, падчас якой адбыліся пагромы ў Доме ўрада.

«Тое, што адбылося ў краіне, не можа быць даравана, таму што людзям пагражала рэальная небяспека і краіна магла апынуцца ў абломках», — патлумачыла яна.

Старшыня ЦВК нагадала, што сем супрацоўнікаў Цэнтрвыбаркама перажылі «цяжкае маральнае выпрабаванне» падчас мітынгу на плошчы Незалежнасці пасля прэзідэнцкіх выбараў.

«Ператвараць ЦВК у палітыканскі орган, які ўмешваецца ў працу праваахоўных органаў, — гэта, напэўна, эфектна, але не адпавядае нашаму прызначэнню», — сказала Лідзія Ярмошына.

На яе думку, да арганізацыі беспарадкаў датычныя некаторыя былыя кандыдаты, якія балатаваліся на выбарах, якія прынялі ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу.

«Арганізавалі яго палітыканы, якія планамерна заклікалі людзей на плошчу, нягледзячы на папярэджанні», — сказала кіраўніца Цэнтрвыбаркама і дадала, што «як дарослыя людзі і магчымыя прэзідэнты яны павінны былі прадбачыць наступствы сваіх дзеянняў», а таксама тое, што людзі могуць стаць некіраванымі падчас правядзення акцыі.

Как вам новость?
Головоломки