ЦВК падрыхтаваў дакументы на 10 кандыдатаў у прэзідэнты

23.09.2010 10:59
Архив Редакция

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына паведаміла, што ЦВК загадзя вырабіў падпісныя лісты на 10 прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. "Каб лішнюю паперу не перакладаць", — патлумачыла Лідзія Ярмошына. Кіраўніца ЦВК запэўніла, што калі прэтэндэнтаў апынецца больш, ЦВК дадаткова вырабіць неабходныя дакументы "ў самыя кароткія тэрміны".

Разам тым, Лідзія Ярмошына адзначыла, што падчас папярэдніх прэзідэнцкіх кампаній кандыдатаў было значна больш. Так, у 1994 годзе ў ЦВК падалі 21 заяўку на рэгістрацыю ініцыятыўных груп, у 2001 годзе — 26 заявак (у выніку засталося 18 ініцыятыўных груп, бо частка адмовілася ад збору подпісаў). «Усё адбывалася больш бурна. Хаця, напэўна, можна параўнаць з выбарамі 2006 года. Тады было восем груп», — распавяла Лідзія Ярмошына.

Кіраўніца ЦВК не выключыла магчымасці, што ў апошнія дні рэгістрацыі ініцыятыўных груп у Цэнтрвыбаркам паступіць яшчэ пяць — шэсць заявак, перадае «Камсамольская праўда ў Беларусі».

Лідзія Ярмошына патлумачыла, што многія прэтэндэнты на прэзідэнцкі пост пажадалі адкласці сваю рэгістрацыю на апошні дзень. «У мяне нават пыталіся, да якой гадзіны мы працуем, я сказала: да 19:00 — і ўсё, зачынімся!», — паведаміла старшыня ЦВК.

Лідзія Ярмошына таксама патлумачыла сітуацыю з рэгістрацыяй лідара грамадзкай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміра Някляева, які некаторы час пражыў за мяжой.

«Тут складаная сітуацыя. Я ўжо абмяркоўвала з юрыстамі. Трэба глядзець, у сувязі з чым ён не жыў у Беларусі, ці працаваў ён, як часта прыязджаў, што ў яго тут заставалася. Бо мы рэгіструем кандыдатамі ў дэпутаты студэнтаў, якія вучацца за мяжой! Трэба атрымліваць тлумачэнні асобы, можа быць, запытваць камітэт памежных войскаў, глядзець, якія ў іх звесткі. Адназначна адказаць пакуль немагчыма», — паведаміла Лідзія Ярмошына.

Як раней перадаваў Тэлеграф, некаторыя эксперты лічаць, што той факт, што ў канцы 1990-х гадоў Уладзімір Някляеў некаторы час пражываў у Польшчы і Фінляндыі, можа перашкодзіць палітыку вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта Беларусі. Паводле беларускага заканадаўства прэтэндэнт на прэзідэнцкі пост павінен на працягу мінімум дзесяці апошніх гадоў непасрэдна перад выбарамі пастаянна пражываць на тэрыторыі Беларусі.

Как вам новость?