ЦВК: памятка для "правільных" назіральнікаў была жартам

14.12.2010 17:42
Архив Редакция

Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік назваў жартаўнікамі нясвіжскіх ідэолагаў, якія распрацавалі памятку для "правільных" назіральнікаў. Па словах прадстаўніка ЦВК, стварэнне такой "памяткі" з'яўляецца цалкам мясцовай ініцыятывай, а сам дакумент — "з разраду гумарыстычных".

«Падчас гэтых выбараў мы шмат вясёлых мерапрыемстваў назіраем і з боку кандыдатаў, і з боку, як выявілася, арганізатараў выбараў, якія такія вясёлыя творы выпускаюць у інтэрнэт. Відаць, што яны ідуць на выбары, каб весці перадвыбарную барацьбу: змагацца з усімі, у тым ліку і з назіральнікамі!», — цытуе Мікалая Лазавіка «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Пры гэтым сакратар ЦВК параіў міжнародным назіральнікам і людзям ад «апануючых сіл» не звяртаць увагі ні на саму «памятку», ні на тых «канструктыўных», якія будуць раіць ім спыніць відэаздымку або не настойваць на тым, каб выразна бачыць працэс падліку галасоў.

«На ўчастку камандуюць не назіральнікі, а выбарчая камісія. Таму назіральнікі паміж сабой могуць заключаць любыя дамовы, умовы, угаворваць адзін аднаго — гэта іх праблемы. Галоўнае, каб у рамках правілаў працавалі выбарчыя камісіі», — сказаў Мікалай Лазавік.

У той жа час, па словах прадстаўніка ЦВК, да сантыметра месца знаходжання назіральніка падчас падліку галасоў ЦВК не вызначаў. «І дзе будзе стаяць назіральнік, вырашае старшыня выбарчай камісіі. Галоўнае, каб той (назіральнік — Тэлеграф) мог рэальна назіраць працэс падліку галасоў», — сказаў Мікалай Лазавік, дадаўшы, што ніякіх парушэнняў выбарчага заканадаўства ў стварэнні такой «інструкцыі» не бачыць.

«За справядлівыя выбары»: дадзенай «памяткай» нясвіжскія ідэолагі парушылі закон

 
У сваю чаргу каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка сумняецца ў тым, што ідэя стварэння «памяткі» цалкам належыць нясвіжскім ідэолагам. «Хутчэй яны адзіныя, хто пракалоўся. І тое, што іншыя вусна даводзілі «канструктыўным» назіральнікам, выдалі ў электронным і друкаваным выглядзе. Ды і закон нясвіжскія ідэолагі парушылі», — лічыць Віктар Карняенка.

Паводле яго слоў, перабольшаныя правы назіральніка як мінімум. «Назіральнік павінен не змагацца з іншымі назіральнікамі, а адсочваць працэс. Ва ўлады яшчэ ёсць магчымасць адмовіцца ад гэтага дакументу і на практыцы не ажыццяўляць тую дзейнасць, якую яны ўжо публічна анансавалі», — сказаў Віктар Карняенка, і даў рэкамендацыі назіральнікам ад «апануючых сіл», як сябе паводзіць у выпадках, калі «канструктыўныя» будуць лезці да іх са сваімі «парадамі».

«Нашаму назіральніку парада такая: не спрачацца з гэтым правакатарам, а звяртацца да старшыні камісіі, да сакратара. Але калі яму не дадуць назіраць за працэсам, што цалкам верагодна, то тады рэагаваць так, як прадугледжвае закон, — пісаць скаргі і збіраць іх у агульны стос», — сказаў каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары».

Галоўнае для назіральніка, па словах Віктара Карняенкі, ведаць свае правы і адстойваць іх. Але спакойна і не паддаючыся на правакацыі, дадаў ён.

Як ужо паведамляў Тэлеграф, Нясвіжскі раённы выканаўчы камітэт апублікаваў «Памятку назіральніка», у якой змяшчаюцца агульныя патрабаванні да правядзення ў Беларусі прэзідэнцкіх выбараў, а таксама асноўныя прынцыпы правядзення выбараў. Акрамя таго, у памятцы ўтрымліваюцца магчымыя праблемныя сітуацыі, апісаныя ў выглядзе пытанняў і адказаў для «апануючых сіл».

Как вам новость?
Головоломки