ЦВК: парламент можа прызначыць дату прэзідэнцкіх выбараў 7 верасня

22.07.2010 17:21
Архив Редакция

На пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, якая пачне сваю працу 7 верасня, можа быць разгледжана пытанне аб прызначэнні даты прэзідэнцкіх выбараў. Пра гэта 22 ліпеня паведаміў сакратар Цэнтральнага выбарчага камітэту Беларусі Мікалай Лазавік.

«Не выключана верагоднасць, што пытанні правядзення выбараў, прызначэння даты выбараў могуць быць разгледжаны на пазачарговай сесіі», — сказаў прадстаўнік ЦВК, перадае ПРАЙМ-ТАСС.

«Тым не менш, гэтае пытанне пакуль не вырашанае. У першую чаргу на пазачарговай парламенцкай сесіі абмяркуюць шэраг эканамічных пытанняў, абумоўленых у парадку дня. Аднак, калі ўзнікне такая неабходнасць, Палата прадстаўнікоў можа вынесці на разгляд і іншыя пытанні», — патлумачыў Мікалай Лазавік .

Пры гэтым сакратар Цэнтрвыбаркама падкрэсліў, што дакладная дата выбараў пакуль не вядомая нікому. Адзінае, што, па словах Мікалая Лазавіка, можна з упэўненасцю сцвярджаць, гэта тое, што выбары павінны адбыцца не пазней за 6 лютага 2011, як гэтага патрабуе Канстытуцыя.

Мікалай Лазавік таксама патлумачыў, што пры правядзенні пазачарговай парламенцкай сесіі 7 верасня дэпутаты змогуць прызначыць дату выбараў на снежань 2010 года — люты 2011 года.

Сакратар Цэнтрвыбаркама таксама адзначыў, што пытанне аб прызначэнні выбараў прэзідэнта — гэта ўнутранае пытанне Палаты прадстаўнікоў, яе канстытуцыйная прэрагатыва. Для прызначэння выбараў камісія па дзяржбудаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў спачатку рыхтуе праект пастановы, а потым выносіць яго на разгляд сесіі.

У цяперашні час Цэнтрвыбаркам ужо вядзе актыўную падрыхтоўку да прэзідэнцкіх выбараў. Як паведаміў Мікалай Лазавік, цяпер вядзецца праца над праектамі тых дакументаў, якія можна распрацоўваць, не ведаючы канкрэтнай даты выбараў (розныя пратаколы, бланкі справаздачнасці, метадычныя рэкамендацыі для тэрытарыяльных і ўчастковых выбарчых камісій і г.д.).