ЦВК прыняў толькі адну прапанову апазіцыі

05.11.2010 15:40
Архив

Прадстаўнікі беларускай апазіцыі накіравалі ў Цэнтральную выбарчую камісію зварот з просьбай тлумачэння выбарчага заканадаўства, а таксама з шматлікімі прапановамі па яго паляпшэнні. ЦВК на паседжанні 5 лістапада прыняў толькі адну з іх - аб тым, каб грамадскія арганізацыі вылучалі сваіх назіральнікаў нават там, дзе не маюць уласных аддзяленняў. Гэтую прапанову ўнёс кіраўнік Беларускага Хельсінкскага камітэту Алег Гулак.

Беларуская апазіцыя лічыць, што выбарчая практыка ў Беларусі «не адпавядае літары закону». Пра гэта заявіў старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін. Так, па словах палітыка, фармаванне ўчастковых выбарчых камісій прайшло насуперак заканадаўству, і ў выніку апазіцыянеры атрымалі толькі 0,26% месцаў у выбаркама, перадае карэспандэнт Тэлеграфа.

«Многім прадстаўнікам апазіцыі адмовілі проста па абсурдных прычынах. Напрыклад, у сувязі з адсутнасцю дастатковай кваліфікацыі. Хіба можа ў былога прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Чыгіра быць недастаткова кваліфікацыі? Між тым, прадстаўнікоў БРСМ ўзялі 95%. Таму мы прыходзім да высновы, што практыка не адпавядае закону», — заявіў Сяргей Калякін.

«Таксама па-ранейшаму назіраецца нераўнапраўе ў дачыненні да розных кандыдатаў. Апазіцыйным прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта зноў адмовілі ва ўдзеле ў Нацыянальным сходзе, аднак Аляксандр Лукашэнка (прэзідэнт Беларусі — Тэлеграф) будзе выкарыстоўваць гэтую пляцоўку ў сваіх перадвыбарных мэтах», — лічыць лідар «Справядлівага свету».

У сувязі з гэтым прадстаўнікі беларускай апазіцыі накіравалі ў Цэнтральную выбарчую камісію адпаведны зварот. Пад ім падпісаліся Сяргей Калякін, намеснік старшыні Руху «За Свабоду!» Віктар Карняенка, лідар «Саюзу за мадэрнізацыю» Алесь Міхалевіч, адзін з лідараў незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў і намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук.

«Мы не прапануем змяніць выбарчае заканадаўства або тым больш Канстытуцыю ў Беларусі. У нармальных дэмакратычных краінах такія заявы прымаць не мела б сэнсу. Аднак у нас у краіне — такія заявы патрэбныя», — заявіў Віктар Карняенка.

Па словах палітыка, беларуская апазіцыя патрабуе растлумачыць парадак фармавання камісій з палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, бо доля прадстаўнікоў апазіцыі ў сфармаваных участковых выбаркамах — мізэрная.

«На гэтых выбарах выбарчыя камісіі ўжо сфармаваныя, і палітычныя партыі не з’яўляюцца ў нас асноўнымі ўдзельнікамі выбаркамаў. Між тым ва ўсіх нарматыўных дакументах, палітычныя партыі ўказаны першымі, і, такім чынам, яны павінны мець прыярытэт пры выбары ў склад выбарчых камісій», — лічыць Віктар Карняенка.

Карняенка: ЦВК павінен развеяць сумневы аб сумленнасці выбараў

«Лічу, што калі ў кагосьці ёсць сумневы ў тым, што гэтыя выбары ў Беларусі праходзяць дэмакратычна і сумленна, то гэтыя сумневы неабходна развеяць і ЦВК першым павінен гэта зрабіць», — падкрэсліў апазіцыйны палітык.

Акрамя таго, Віктар Карняенка распавёў, што апазіцыя таксама запатрабавала роўных умоваў для ўсіх кандыдатаў у перадвыбарчай агітацыі. «На выбарах у Беларусі ў кандыдатаў у прэзідэнты розныя правы для агітацыі. Так, некаторыя кандыдаты збіраюць Нацыянальны сход, а іншым у гэты час скручваюць рукі. Лічым, што ўмовы для агітацыі павінны быць роўнымі», — падкрэсліў палітык.

Таксама, па словах палітыка, у назіральнікаў за правядзеннем выбараў павінна быць больш правоў. «Назіральнікі часта сядзяць у кутку пад аховай міліцыянтаў і слухаюць музыку. Такую практыку неабходна спыніць. Мы лічым, што назіральнік павінен мець права аглядаць бюлетэні і бачыць за каго аддаюцца галасы, інакш у працы назіральніка няма ніякага сэнсу», — заявіў Віктар Карняенка.

Працэдура падліку галасоў, на думку прадстаўніка беларускай апазіцыі, таксама павінна праходзіць больш адкрыта, галосна. «Гэта значыць, член выбаркама павінен агучваць, за каго аддадзены той ці іншы дакумент», — растлумачыў Віктар Карняенка.

Апазіцыя таксама прапануе прад’яўляць больш сур’ёзныя патрабаванні да бюлетэняў. «Раней лічылася, што на бюлетэні дастаткова двух подпісаў членаў выбарчай камісіі. Аднак гэта давала перадумовы для таго, каб выключыць прадстаўнікоў апазіцыі з прыняцця рашэнняў, гэта значыць калі ён не падпісаў дакумент, апошні ўсё роўна лічыцца сапраўдным», — адзначыў Віктар Карняенка.

Калякін: толькі добрая воля ЦВК можа павысіць дэмакратычнасць выбараў

«Норма аб тым, што назіральнік можа аглядаць бюлетэні прапісаная ў канвенцыі СНД. Усе нашы прапановы заснаваныя на заканадаўстве Беларусі, патрэбна толькі добрая воля ЦВК, каб павысіць дэмакратычнасць выбараў у Беларусі», — заявіў у сваю чаргу Сяргей Калякін.

Такога ж меркавання прытрымліваецца і Рыгор Кастусёў. Паводле яго слоў, прапановы апазіцыі не выходзяць за рамкі міжнародных стандартаў і беларускага заканадаўства.