ЦВК Расіі засакрэціў даклад аб беларускіх выбарах

24.01.2011 11:55
Архив Редакция

Назіральнікі ад расійскага ЦВК, звычайна выступаюць з дакладамі пасля якіх-небудзь афіцыйных візітаў або назіранняў на выбарах, у гэты раз не зрабілі афіцыйнага дакладу па выніках прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Спачатку выступленне з дакладам прызначылі на 23 снежня, затым перанеслі на студзень, а потым адмянілі.

Па словах кіраўніка Уладзіміра Чурава, першы перанос быў зроблены паколькі намесніку старшыні Леаніду Іўлеву «трэба было падрыхтавацца і абагульніць атрыманую інфармацыю». «Мы старанна вывучым усе акалічнасці, таму што для нас важна не палітычная заява», — цытуюць Уладзіміра Чурава расейскія «Ведамасці».

Аднак прэзідэнту Расіі Дзмітрыю Мядзведзеву аб выніках назірання даклалі, а Леанід Іўлеў распавёў аб іх у ходзе закрытай сустрэчы з кіраўнікамі прэс-службаў выбаркамаў, піша «Расійская газета». Намеснік кіраўніка ЦВК РФ паведаміў, што ў Беларусі «выбаркамы знаходзяцца пад выразным кантролем органаў выканаўчай улады», а беларускае заканадаўства не рэгулюе многіх важных момантаў. Так, працэс падліку галасоў падрабязна не рэгламентаваны, а па яго завяршэнні бюлетэні складаюць «у агульную кучу». У Расіі ж іх раскладваюць асобнымі стосамі, дадаў намеснік старшыні.

Пазней намеснік старшыні ЦВК Расіі паведаміў, што аб беларускіх выбарах «паспеў усё забыць», а таму публічнага даклада па выніках назірання не будзе. Член Цэнтрвыбаркама Ігар Барысаў, якія з’яўляўся назіральнікам ад місіі СНД, растлумачыў, што «такія справаздачы не з’яўляюцца абавязковымі».

«Мы займаліся кароткатэрміновай працай — непасрэдна за некалькі дзён да галасавання 19 снежня праехалі па ўчастках, паглядзелі арганізацыю работы, правядзенне галасавання, падвядзенне вынікаў. Місія прыйшла да высновы: фактаў, якія маглі б ставіць пад сумнеў атрыманы вынік, не выяўлена», — пракаментаваў ён.

Таксама назіральнік заўважыў, што не ацэньваліся падзеі «да» і «пасля» выбараў, паколькі гэта не ўваходзіць у мандат місіі. «У адваротным выпадку можна сысці вельмі глыбока і пачаць ацэньваць палітычную сістэму і палітычны лад, нават да ацэнкі канстытуцыі, а нацыянальную канстытуцыю іншай дзяржавы варта паважаць», — заявіў Ігар Барысаў.

На думку беларускага палітолага Валерыя Карбалевіча, такая пазіцыя расійскага ЦВК звязана з тым, што стаўленне афіцыйнай Масквы да Аляксандра Лукашэнкі не такое адназначнае, як на мінулых прэзідэнцкіх выбарах. Эксперт нагадвае, што Дзмітры Мядзведзеў павіншаваў пераабранага кіраўніка беларускай дзяржавы «асцярожна, і нават не з перамогай, а з вынікамі выбараў». Акрамя таго, расійскія медыя крытыкуюць праблемы з дэмакратыяй у Беларусі, аргументуе Валеры Карбалевіч.

Усяго ад ЦВК Расіі на беларускіх выбарах прысутнічала каля 60 чалавек. Яны ўваходзілі як у склад місіі ад АБСЕ, якія назвалі выбары недэмакратычнымі, так і ад СНД, якія прызналі выбары.

Как вам новость?
Головоломки