ЦВК: у пашпарце Лукашэнкі ўказаны дзень нараджэння 30 жніўня

28.09.2010 12:17
Архив Редакция

У дакументах на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы дзейнага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, пададзеных у Цэнтральную выбарчую камісію, пазначана дата нараджэння кіраўніка дзяржавы — 30 жніўня 1954 года. Пра гэта паведаміў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

«Мы карысталіся пашпартам. У нас прадстаўлены дакументы, і там ёсць ксеракопія пашпарта, дзе стаіць менавіта гэтая дата», — цытуе афіцыйнага прадстаўніка Цэнтрвыбаркама «Еўрапейскае радыё для Беларусі».

Разам з тым, на афіцыйным сайце прэзідэнта ўказана іншая дата нараджэння Аляксандра Лукашэнкі — 31 жніўня 1954 года. Раней крыніца ў адміністрацыі прэзідэнта растлумачыла, чым выкліканы гэтыя супярэчнасці, паведамляе БелаПАН.

«Сутнасць у тым, што маці Аляксандра Лукашэнкі паступіла ў радзільню 30 жніўня вечарам, але нарадзіла яго ў ноч з 30 на 31 жніўня, а калі дакладней, то пасля поўначы. У 1950-я гады ў радзільнях ў сельскай мясцовасці, зразумела, ніхто з cекундамерам не стаяў і дакладны час нараджэння дзіцяці, нават да гадзіны, не адзначаўся. Вось нованароджанага і запісалі на 30 жніўня, па даце паступлення парадзіхі ў радзільню», — паведаміла крыніца.

Как вам новость?
Головоломки