ЦВК: у выбаркамы ўжо акрэдытавана пяць тысяч нацыянальных назіральнікаў

23.11.2010 17:27
Архив Редакция

У цяперашні час у выбарчыя камітэты Беларусі ўжо акрэдытавана больш за пяць тысяч нацыянальных назіральнікаў. Пра гэта 23 лістапада паведаміла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына. Паводле яе слоў, да датэрміновага галасавання, якое пачнецца 14 снежня, іх колькасць можа вырасці ў некалькі разоў.

«Калі ўспомніць прэзідэнцкія выбары 2006 года, то нацыянальных назіральнікаў было каля 30 тыс.», — нагадала Лідзія Ярмошына.

Кіраўніца ЦВК Беларусі таксама паведаміла, што за цяперашнімі выбарамі прэзідэнта Беларусі будзе назіраць каля тысячы міжнародных назіральнікаў. У іх ліку — 40 доўгатэрміновых і каля 400 кароткатэрміновых назіральнікаў ад АБСЕ, прыкладна такая ж колькасць — ад выканаўчага камітэту СНД, перадае БелТА.

Па словах Лідзіі Ярмошынай, ужо выдадзена 195 пасведчанняў назіральнікаў, з іх — больш за 50 пасведчанняў назіральнікам ад АБСЕ і больш за 100 — ад выканкаму СНД. «Але гэта не значыць, што ўсе яны ўжо ў краіне. Напрыклад, выпісана пасведчанне Паўлу Барадзіну, але ён прыедзе перад выбарамі», — растлумачыла старшыня ЦВК.

У ліку незалежных назіральнікаў, паводле слоў Лідзіі Ярмошынай, будуць прадстаўнікі цэнтральных выбарчых камісій краін СНД, Грузіі, Латвіі і Літвы. «Апошнія дзяржавы нас таксама запрашаюць да сябе на выбары. Тут дзейнічае прынцып узаемнасці», — адзначыла кіраўніца ЦВК.

«Таксама МЗС Беларусі запросіць шэраг аўтарытэтных палітыкаў з-за мяжы. Гэта будуць незалежныя назіральнікі, па-за місіямі, яны будуць даваць свае асабістыя ацэнкі», — заявіла Лідзія Ярмошына.

Как вам новость?