ЦВК вынес папярэджанне Някляеву за збор подпісаў

14.10.2010 14:36
Архив Редакция

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі вынесла папярэджанне ініцыятыўнай групе патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты, лідара грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" Уладзіміра Някляева. Такое рашэнне было прынята 14 кастрычніка на чарговым пасяджэнні ЦВК.

Член ЦВК Надзея Кісялёва патлумачыла, што з інспекцыі па справах непаўналетніх Заводскага РУУС Мінску ў ЦВК паступіла інфармацыя аб затрыманні чатырох непаўналетніх, якія збіралі подпісы ў падтрымку Уладзіміра Някляева, перадае БелТА.

Пры сабе ў падлеткаў былі як запоўненыя падпісныя лісты, так і пустыя бланкі. Акрамя таго, у непаўналетніх меліся пасведчанні членаў ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева, а таксама 50 улётак, выдадзеных у друкарні ў Самары. Па словах падлеткаў, заняцца зборам подпісаў ім прапанаваў мужчына, які прадставіўся членам ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева, паабяцаўшы пры гэтым выплачваць па адным даляры за кожны подпіс.

Надзея Кісялёва патлумачыла, што ў дадзеным выпадку ініцыятыўная група Уладзіміра Някляева парушыла адразу некалькі артыкулаў выбарчага заканадаўства. Так, у зборы подпісаў забараняецца ўдзельнічаць непаўналетнім. Акрамя таго, на стадыі вылучэння ў кандыдаты ў прэзідэнты выраб і раздача агітацыйных улётак таксама забаронены.

Ініцыятыўная група Някляева адмаўляе абвінавачанні ЦВК

У сваю чаргу кіраўнік ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева Андрэй Дзмітрыеў заявіў, што іх ініцыятыўная група не мае ніякага дачынення да падлеткаў, і ніхто ў штабе не даваў ім распараджэння збіраць подпісы ў падтрымку Уладзіміра Някляева.

З нагоды выяўленых у падлеткаў пасведчанняў членаў ініцыятыўнай групы Андрэй Дзмітрыеў растлумачыў, што ініцыятыўная група Уладзіміра Някляева атрымала не ўсе пасведчанні, выдадзеныя Цэнтрвыбаркамам, частка з іх была страчана. Андрэй Дзмітрыеў таксама заявіў, што ініцыятыўная група не размяшчала заказы на выраб улётак і назваў распаўсюд агітацыйных улётак правакацыяй.

Разам з тым сакратар ЦВК Мікалай Лазавік сказаў, што лічыць довады прадстаўніка ініцыятыўнай групы непераканаўчымі. «У мяне няма сумневаў, што ўсё робіцца з ведама самога Някляева. Ён свядома напрошваецца на пэўныя санкцыі», — заявіў Мікалай Лазавік. «Вельмі шкада, калі прыйдзецца адмовіць яму ў рэгістрацыі, таму што ў яго вельмі цікавая выбарчая кампанія», — дадаў сакратар ЦВК.

У сваю чаргу старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына таксама канстатавала, што ў наяўнасці шматлікія парушэнні выбарчага заканадаўства з боку ініцыятыўнай групы Уладзіміра Някляева. Разам з тым, паводле слоў кіраўніцы ЦВК, нават аднаго факту было б дастаткова для вынясення папярэджання.

Ярмошына: папярэджанне ЦВК — занадта мяккая мера

«Пазіцыя ЦВК у апошні час была нават няёмкай: ідзе масавае распаўсюджванне ўлётак, а мы робім выгляд, што гэтага не заўважаем», — заявіла Лідзія Ярмошына. У той жа час старшыня ЦВК лічыць падобную меру «занадта мяккай». Лідзія Ярмошына падкрэсліла, што вынясенне менавіта такога рашэння тлумачыцца імкненнем Цэнтрвыбаркама зрабіць выбары «максімальна плюралістычнымі і канкурэнтнымі».

Як раней перадаваў Тэлеграф, Цэнтральнай выбарчай камісіі стала вядома, што ў паштовыя скрыні некаторых выбаршчыкаў перыядычна кідаюць рэкламныя ўлёткі Уладзіміра Някляева.

У сувязі з гэтым 6 кастрычніка старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адрасавала маскоўскаму аддзяленню выканкама СНД просьбу выявіць, хто размясціў замову на выраб гэтых рэкламных улётак на адным з прадпрыемстваў Растова (яно ўказана на рэкламнай улётцы).

Па словах сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, у выпадку паўторнага парушэння заканадаўства ЦВК можа адмяніць рэгістрацыю ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдата.

Как вам новость?