ЦВК: Хельсінкскі камітэт скаціўся да ўзроўню студэнта-двоечніка

24.12.2010 15:29
Архив Редакция

Сакратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік заявіў, што сур'ёзных скаргаў з нагоды выбарчай кампаніі, у прыватнасці, ад БХК, не было. "Падчас гэтай выбарчай кампаніі Беларускі Хельсінкскі камітэт скаціўся да ўзроўню студэнта-двоечніка юрыдычнага факультэта, які быццам бы і валодае пэўнай тэрміналогіяй, але па сутнасці нічога сказаць не можа", — сказаў ён.

Такую заяву Мікалай Лазавік зрабіў 24 снежня, кажучы аб скарзе, якую БХК падаў у ЦВК ўвечары 22 снежня. У ёй праваабаронцы патрабуюць адмяніць вынікі прэзідэнцкіх выбараў. Хоць апратэстоўваць вынікі выбарчай кампаніі могуць толькі асабіста кандыдаты ў прэзідэнты, ЦВК заяву прыняў, паведамляе БелаПАН.

«Аднак ЦВК у нас скаргу прыняў і ў той ці іншай ступені яе разгледзіць. Ужо адно гэта павінна прыцягнуць увагу да недэмакратычнасці правядзення выбараў у Беларусі», пракаментаваў сітуацыю юрыст БХК Гары Паганяйла.

Мікалай Лазавік таксама заявіў, што 24 снежня Цэнтральная выбарчая камісія разгледзіць скаргу, пададзеную ад імя былых кандыдатаў у прэзідэнты Рыгора Кастусёва і Уладзіміра Някляева, а таксама зацьвердзіць вынікі выбарчай кампаніі.

Сакратар ЦВК праінфармаваў, што іншыя заявы, хутчэй за ўсё, Цэнтрвыбаркам разглядаць не стане, паколькі яны «нізкай якасці».

Як ужо перадаваў Тэлеграф, 22 снежня былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў падаў у ЦВК скаргу з патрабаваннем прызнаць вынікі прэзідэнцкіх выбараў несапраўднымі.

У заяве, якое падпісаў і экс-кандыдат Уладзімір Някляеў, палітыкі патрабуюць таксама правесці праверку парушэнняў беларускага заканадаўства з прыцягненнем Генеральнай пракуратурай да крымінальнай і іншай адказнасці вінаватых асобаў, асабліва Аляксандра Лукашэнку па фактах захопу ім дзяржаўнай улады і яе ўтрымання неканстытуцыйным шляхам.

Адзначым, што пяць з дзесяці былых кандыдатаў у прэзідэнты — Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Віталь Рымашэўскі, Мікалай Статкевіч і Аляксей Міхалевіч — у дадзены момант знаходзяцца ў следчым ізалятары КДБ.

Как вам новость?