ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўныя групы 17 патэнцыйных кандыдатаў

27.09.2010 13:39
Архив Редакция

Цэнтрвыбаркам Беларусі 27 верасня зарэгістраваў ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты краіны дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі і яго асноўных апанентаў ад апазіцыі. У склад ініцыятыўнай групы прэзідэнта Беларусі ўвайшло 8403 чалавекі, а яе кіраўніком з'яўляецца міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў.

Акрамя гэтага ЦВК Беларусі зарэгістраваў ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Рыгора Кастусёва (намеснік старшыні Партыі БНФ), Сяргея Гайдукевіча (лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі) і сустаршыні аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталя Рымашэўскага, перадае БелаПАН.

Рэгістрацыю прайшлі таксама ініцыятыўныя групы лідара кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава, дырэктара ТДА «Трывіум» Дзмітрыя Уса, старшыні аргкамітэту па стварэнні саюза «За мадэрнізацыю» Аляксея Міхалевіча, лідара грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзіміра Някляева, намесніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслава Раманчука і першага намесніка старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Юрыя Глушакова.

Адбылася рэгістрацыя ў ЦВК і ініцыятыўных груп лідара аргкамітэту па стварэнні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікалая Статкевіча, беспрацоўнага Сяргея Іванова, загадчыка лабараторыі абсталявання ядзерных энергетычных установак Аб’яднанага інстытуту энергетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны» Івана Кулікова і інжынера-будаўніка Пятра Барысава, індывідуальнага прадпрымальніка Уладзіміра Правальскага і начальніка сектару знешнеэканамічнай дзейнасці ААТ «Віцебскі плодагароднінны камбінат» Сяргея Рыжова.

Раней ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўную групу старшыні Рады Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Віктара Цярэшчанкі.

Такім чынам, збор подпісаў пачнуць ініцыятыўныя групы 17 прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Беларусі.

ЦВК знайшоў у спісах Гайдукевіча «мёртвых душ»

У спісах членаў ініцыятыўнай групы старшыні ЛДПБ Цэнтрвыбаркам выявіў 29 асоб, якія не валодаюць выбарчым правам, а таксама асоб, якія не маюць беларускага грамадзянства. Між тым, па словах сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, хаця наяўнасць «мёртвых душ» і з’яўляецца падставай для нерэгістрацыі ініцыятыўнай групы, яе зарэгістравалі з прычыны вялікага палітычнага досведу Сяргея Гайдукевіча.

У сваю чаргу, кіраўнік ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына адзначыла, што ў ініцыятыўнай групе лідара ліберал-дэмакратаў больш за 100 чалавек, як і прадугледжана законам, і дадала, што яна з’яўляецца «напэўна, самай вялікай ініцыятыўнай групай за ўсю гісторыю выбараў» (у выніку ў яе ўвайшло больш за дзесяць тысяч чалавек — Тэлеграф).

У найбліжэйшыя дні ўдзельнікі групы атрымаюць адпаведныя пасведчанні і падпісныя лісты і з 30 верасня змогуць прыступіць да збору подпісаў у падтрымку прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта краіны. Не пазней за 29 кастрычніка ўключна падпісныя лісты павінны быць прадстаўлены ў тэрытарыяльныя камісіі, паведамляе БелТА.

У адпаведнасці з выбарчым заканадаўствам кандыдатам у прэзідэнты Беларусі становіцца асоба, у падтрымку якой сабрана не менш за 100 тыс. подпісаў выбаршчыкаў.

Як раней паведамляў Тэлеграф, ЦВК Беларусі адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп двум прэтэндэнтам на прэзідэнцкае крэсла.

Как вам новость?
Головоломки