ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўную групу па вылучэнні Цярэшчанкі

20.09.2010 15:18
Архив Редакция

Цэнтрвыбаркам Беларусі на паседжанні 20 верасня зарэгістраваў ініцыятыўную групу па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Віктара Цярэшчанкі. Гэта першая зарэгістраваная ініцыятыўная група прэтэндэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы на прэзідэнцкіх выбарах, якія адбудуцца 19 снежня. У склад ініцыятыўнай групы Віктара Цярэшчанкі ўвайшло 1,3 тыс. чалавек.

У заяве ініцыятыўнай групы гаворыцца, што Віктар Цярэшчанка, «здольны згуртаваць народ Беларусі для яго аўтарытэту, дабрабыту грамадзян». «Мы верым, што палепшацца і шляхі інтэграцыі з краінамі, у першую чаргу з Расійскай Федэрацыяй. Мы верым у цывілізаваныя эканамічныя і культурныя адносіны паміж дзяржавамі», — адзначаецца ў заяве, перадае БелаПАН.

Прыём заявак на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў на пост прэзідэнта пачаўся 15 верасня і працягнецца па 24 верасня ўключна.

Як раней паведамляў Тэлеграф, акрамя Віктара Цярэшчанкі, аб намеры балатавацца на пасаду кіраўніка дзяржавы заявілі старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Юры Глушакоў і намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук.
Аляксандр Лукашэнка пакуль афіцыйна не абвясціў аб сваім удзеле ў выбарах.

Как вам новость?