ЦВК завяршыў прыём заявак на рэгістрацыю ініцыятыўных груп

27.09.2010 08:53
Архив Редакция

У пятніцу, 24 верасня, у 19:00 Цэнтрвыбаркам Беларусі завяршыў прыём дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні патэнцыйных прэтэндэнтаў на пост прэзідэнта краіны. Усяго было пададзена 19 заявак, уключаючы адкліканую заяўку санітаркі з Гомельскага раёна Наталлі Старыкавай і "заяўку-пратэст" жыхара Калодзішчаў Іллі Дабратвора.

Рашэнне аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп Цэнтрвыбаркам мае намер прыняць на пасяджэнні 27 верасня. З 30 верасня па 29 кастрычніка будзе праходзіць збор подпісаў. Прэтэндэнт на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах павінен здаць не менш за 100 тыс. подпісаў. З 14 па 23 лістапада пройдзе рэгістрацыя кандыдатаў, 14-18 снежня — датэрміновае галасаванне. Выбары прэзідэнта Беларусі пройдуць 19 снежня. Усталяванне канчатковых вынікаў галасавання не пазней за 29 снежня. Другі тур, пры неабходнасці, адбудзецца не пазней за 2 студзеня 2011 года.

20 верасня Цэнтрвыбаркам Беларусі пад першым нумарам зарэгістраваў ініцыятыўную групу ў падтрымку вылучэння кандыдатам у прэзідэнты старшыні рады Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Віктара Цярэшчанкі.

Далей свае заяўкі падалі: лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, кіраўнік Беларускай партыі «Зялёныя» Юры Глушакоў, начальнік сектару знешнеэканамічнай дзейнасці ААТ «Віцебскі плодагароднінны камбінат» Сяргей Рыжоў, віцебскі індывідуальны прадпрымальнік Уладзімір Правальскі.

24 верасня, у апошні дзень прыёму дакументаў, у ЦВК таксама паступілі заяўкі на рэгістрацыю ініцыятыўных груп ад лідара кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава, лідара саюза «За мадэрнізацыю» Алеся Міхалевіча. Таксама заяўку падаў дырэктар аднаго з таварыстваў з абмежаванай адказнасцю з Мінску Дзмітрый Усс, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч, намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Заяву таксама падаў і былы намеснік дырэктара мінскай камерцыйнай арганізацыі, а цяпер беспрацоўны 38-гадовы мінчук Сяргей Іваноў, адзін з лідараў незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі і лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч.

І пад заслону прыёму дакументаў у Цэнтрвыбаркам паступіла яшчэ дзве заявы — ад загадчыка лабараторыі «Сосны» Івана Куляшова і пенсіянера Пятра Барысава, інжынера-будаўніка па адукацыі.

Как вам новость?