ЦВК: змяніць законы аб выбарах цяпер ужо немагчыма

07.06.2010 16:01
Архив Редакция

Старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына не лічыць мэтазгодным мяняць выбарчае заканадаўства напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Такое меркаванне яна выказала ў адказ на сумесную заяву экспертаў БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскай камісіі РЕ.

Як падкрэсліла кіраўніца ЦВК, нягледзячы на тое, што ў Беларусі ўлічваюць меркаванне міжнародных экспертаў, выбарчае заканадаўства з улікам, выказаных міжнароднымі экспертамі заўваг, карэктавацца не будзе.

«Любая змена выбарчага заканадаўства ўжо цяпер з’яўляецца практычна немагчымай, таму што нават у агульных рэкамендацыях БДІПЧ АБСЕ паказала, што яно не павінна мяняцца напярэдадні выбараў, падладжвацца пад пэўныя выбарчыя кампаніі, а павінна быць агульным і аб’ектыўным», — аргументавала сваю пазіцыю Лідзія Ярмошына.

У адказ на крытыку асобных палажэнняў Выбарчага кодэксу, аб якіх гаворыцца ў заяве міжнародных структур, Лідзія Ярмошына адзначыла, што «многае тут носіць густавы характар, вызначаецца поглядамі асобных экспертаў».

Старшыня Цэнтрвыбаркама таксама задала рытарычнае пытанне: «чаму асобны еўрапейскі юрыст або эксперт разбіраецца ў законе лепш, чым нацыянальны парламент Беларусі, які прымаў закон?». Кіраўніца ЦВК дадала, што згодная з меркаваннем міжнародных экспертаў толькі ў тым, што «якасць выбараў залежыць не толькі ад стану заканадаўчай базы, але і ад практычнага яе прымянення».

Как вам новость?
Головоломки