ДАІ рэкамендуе "абуць" аўто ў зімовую гуму

30.09.2010 12:13
Архив Редакция

Беларуская Дзяржаўтаінспекцыя рэкамендуе аўтааматарам ў найбліжэйшы час замяніць летнюю гуму на зімовую. У сувязі з тым, што сіноптыкі абяцаюць пахаладанне, кіроўцам неабходна праверыць тэхнічны стан сваіх аўтамабіляў, паведамілі ва УДАІ МУС Беларусі.

У сувязі з пагаршэннем умоў надвор’я супрацоўнікі ДАІ раяць праверыць спраўнасць тармазной сістэмы, светлавых прыбораў, шклоачышчальнікаў, а таксама прыладаў абагравання і абдзімання шкла. Аўтааматарам таксама рэкамендуюць заліць у абмывальнікі шкла незамярзальную вадкасць.

«Рухаючыся па вільготнай і зледзянелай дарозе, выбірайце больш стрыманы тып кіравання, пазбягайце выезду на паласу сустрэчнага руху, рэзкіх разгонаў і тармажэнняў», — рэкамендуюць у ДАІ.

Акрамя таго, у ДАІ падкрэслілі, што кіроўцам след быць асабліва ўважлівымі і зніжаць хуткасць паблізу пешаходных пераходаў, прыпынкаў грамадскага транспарту, навучальных устаноў.

Разам з тым, пешаходам таксама неабходна праяўляць асцярожнасць і памятаць, што аўтамабіль немагчыма спыніць імгненна. У ДАІ таксама адзначылі, што нялішнім будзе выкарыстоўваць флікеры, бо яны робяць пешаходаў больш прыкметнымі для іншых удзельнікаў руху.

Как вам новость?