ДАІ: выдаваць беларускамоўныя тэхпашпарты "немэтазгодна"

20.05.2011 10:29
Архив Редакция

Ва ўпраўленні ДАІ МУС лічаць "немэтазгоднай" выдачы беларускамоўных пасведчанняў аб рэгістрацыі транспартнага сродку. Пра гэта гаворыцца ў адказе начальніка ўпраўлення Юрыя Літвіна на ліст старшыні ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Алега Трусава.

Матывуючы сваю адмову, Юрый Літвін спаслаўся на тое, што «для арганізацыі выдачы ў масавым парадку пасведчанняў аб рэгістрацыі транспартных сродкаў на беларускай мове неабходна правесці мадэрнізацыю ўсяго праграмнага забеспячэння, што патрабуе значных фінансавых выдаткаў», перадае БелаПАН.

У адказе прадстаўніка Дзяржаўтаінспекцыі адзначаецца, што на сённяшні дзень гэта немэтазгодна, паколькі назіраюцца толькі адзінкавыя выпадкі зваротаў грамадзян з просьбай аб выдачы пасведчанняў аб рэгістрацыі на беларускай мове.

«Пры падрыхтоўцы чарговага тэхнічнага задання на дапрацоўку наяўнага праграмнага забеспячэння Дзяржаўтаінспекцыяй будуць унесены прапановы аб неабходнасці рэалізацыі магчымасці аўтаматычнага запаўнення пасведчання аб рэгістрацыі транспартнага сродку на беларускай мове», — сказаў Юрый Літвін.

У сваю чаргу Алег Трусаў адзначыў, што адказ дзяржслужачага сведчыць аб тым, што «ніхто з чыноўнікаў не збіраецца выконваць палажэнні вядомага рэферэндуму 1995 года аб роўнасці дзвюх дзяржаўных моў — беларускай і рускай».

Как вам новость?